Пераемнасць у прафесіі – гэта здорава
Святлана з дзяцінства дапамагала маме, Марыі Лаўрыені, калі апошняя даіла кароў на малочнатаварнай ферме «Рэдкавічы» (зараз ААТ «Чырвоная Змена» імя К.І. Шаплыкі»). Магчыма, таму пасля заканчэння Рэдкавіцкай адзінаццацігодкі дзяўчына, доўга не раздумваючы, вырашыла звязаць свой далейшы лёс з сельскай гаспадаркай. Напачатку скончыла Слуцкае ПТВ-209, набыўшы там прафесію сельгаспадарчага накірунку, затым пайшла працаваць аператарам машыннага даення кароў на МТФ «Касцюкі» прыватнага ўнітарнага прадпрыемства «Таль-агра». Кіраўніцтва арганізацыі выдзеліла маладой дзяўчыне новы дом – вось яна і засталася ў гаспадарцы. Неўзабаве і дзясятак гадоў мінаваў, апошнія два з іх Святлана Адамаўна працуе на малочнатаварнай ферме «Таль» КСУП «Таліца-агра». Зараз у яе на абслугоўванні 75 рагуль. Аператар дасканала ведае асаблівасці работы з дойным статкам, сваіх «падапечных» любіць усім сэрцам, называе іх па мянушках, уважліва сочыць за здароўем, у рэзультаце дабіваецца добрай аддачы. Так, напрыклад, за дзевяць месяцаў бягучага года яна здолела атрымаць 3 999 кілаграмаў сырадою на адну фуражную карову, што на 637 кг больш, чым было за вышэйпазначаны перыяд летась. Для параўнання сярэдні паказчык па ўдою малака на адну пярэстую па раёне складае 3 121 кг. Спецыялістамі гаспадаркі Святлана Адамаўна адзначана як лепшы аператар машыннага даення кароў МТФ «Таль». Можна сказаць, яна стала ў сваёй справе прафесіяналам, як некалі яе мама.









