Пакарыцелі воднай стыхіі
Раённае першынства па плаванні заўжды з’яўляецца даволі папулярнай спартыўнай падзеяй для любанчан. Вось і сёлета на гэтыя спаборніцтвы ў Сароцкі САК сабраліся 52 удзельнікі ва ўзросце ад 17 да 68 гадоў, а таксама пяць каманд з розных арганізацый Любаншчыны.
У асабістым заліку спартсменам неабходна было пераадолець дыстанцыю ў 50 метраў, прычым пры падвядзенні вынікаў улічваліся індывідуальныя ўзроставыя каэфіцыенты. Такім чынам, сярод мужчын лідарамі сталі: 18-гадовы Максім Смальцоў (1 месца), 61-гадовы Дзмітрый Чучалок (2 месца) і 18-гадовы Ілья Чарнагалоў (3 месца). Сярод жанчын найлепшыя вынікі ў 35-гадовай Вольгі Грунтовіч (1 месца), 21-гадовай Ксеніі Альхіменка (2 месца) і 20-гадовай Настассі Плотнікавай (3 месца).

Дзмітрый ЧУЧАЛОК ужо не першы год займае прызавыя месцы на раённых першынствах па плаванні.
Асобна адбыліся і групавыя спаборніцтвы, удзел у якіх прынялі каманды райбальніцы, Сароцкага і Урэцкага сельсаветаў, рыбакамбіната і ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме. У склад каманды ўваходзілі трое мужчын і адна жанчына – і кожны з іх падчас эстафеты павінен быў пераадолець дыстанцыю ў 25 метраў. У выніку лідарамі першынства па плаванні сталі сарачоўцы, другое месца – у каманды ўпраўлення, трэцяе занялі работнікі ААТ «Рыбакамбінат «Любань».









