Падведзены вынікі творчага конкурсу «Рэха мінулага сэрца кранае»
З канца студзеня і да 20 красавіка рэдакцыяй газеты
«Голас Любаншчыны» праводзіўся творчы конкурс. На
яго паступіла звыш трыццаці работ як ад школьнікаў, так і ад дарослых жыхароў
нашага раёна. Мы нават не ўсе паспелі надрукаваць. Але журы, безумоўна,
разгледзела кожны дасланы паэтычны і празаічны твор.
Вялікі дзякуй удзельнікам за такую актыўнасць і
патрыятычны настрой. Важна, што тэма Вялікай Перамогі нават праз 75 гадоў
застаецца актуальнай і хвалюе нашых чытачоў. Паверце, кожная з творчых работ
знайшла водгук у сэрцах супрацоўнікаў рэдакцыі. І зусім не проста было
вызначыць пераможцаў.
У адпаведнасці з палажэннем іх павінна быць шэсць –
па адным ў трох узроставых катэгорыях у намінацыях «Таямніцы слова і думкі» (паэтычныя і празаічныя творы
пра вайну) і «Гераічнае мінулае малой радзімы ў малюнках і фотаздымках. Аднак
апошніх практычна не было пададзена конкурс. Таму вырашана пераможцаў не
прызнаваць, але адзначыць Падзячным лістом самую юную ўдзельніцу –
васьмігадовую Аляксандру Паўлін, вучаніцу 2 «А» класа Гімназіі №1 г. Любані. Дарэчы,
дзяўчынка адзіная прыняла ўдзел у сваёй узроставай катэгорыі і ў другой
намінацыі.
Большасць паэтычных і празаічных твораў
прадстаўлена ўдзельнікамі конкурсу ад адзінаццаці гадоў і старэйшымі. Сярод іх
у катэгорыі ад 18 гадоў лепшым аднагалосна прызнана Зінаіда Майсяеня з
аграгарадка Сарачы. «Чытаючы яе вершы «У чатырнаццаць стаў ён салдатам», «Вайна», міжволі пранікаешся тым
болем, які на сэрцы ў жанчыны, і на вачах з’яўляюцца слёзы», – адзначана членамі журы.
Высокую адзнаку іх атрымалі і паэтычныя творы васьмікласніцы Атрадненскай СШ
Анастасіі Ленскай «Там проста выжывалі», «Успаміны». Яна стала пераможцай у
катэгорыі ад 11 да 17 гадоў.
Па ўмовах конкурсу таксама быў вызначаны ўладальнік
прыза глядацкіх сімпатый па выніках галасавання ў групе «Голас Любаншчыны» ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте». Гэта – Анатоль Вялічка, за
работу якога («Кавалер трох баявых ордэнаў») аддалі галасы 52 са 160
падпісчыкаў.
Віншуем усіх пераможцаў. Спадзяёмся, што і надалей
любанчане будуць прымаць удзел у конкурсах раёнкі, дзяліцца сваімі творчымі
знаходкамі.









