Падчас веснавых канікул
З панядзелка ў школьнікаў пачаліся вясновыя канікулы. І каб разнастаіць адпачынак рабят, асабліва пачаткоўцаў, ва ўстановах адукацыі арганізавана работа лагераў з дзённым знаходжаннем.
Як паведаміла вядучы спецыяліст па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні па Любанскім раёне Людміла Статкевіч, яны працуюць на базе шасці ўстаноў адукацыі (сярэдняй школы №1 г. Любані, Гімназіі №1 горада Любані, Загальскага, Кузьміцкага, Ямінскага вучэбна-педагагічных комплексаў ДС-СШ, Сароцкай СШ) і дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. Там бавяць час цікава і з карысцю для здароўя 225 хлопчыкаў і дзяўчынак. З мэтай паляпшэння іх самаадчування прадугледжаны вітамінізацыя, правільнае харчаванне, прагулкі на свежым паветры, дзённы сон. Шэраг змястоўных мерапрыемстваў запланавана для развіцця інтэлектуальных, творчых здольнасцей рабят. Для аматараў чытання працуюць бібліятэкі, для тых, хто жадае штосьці змайстраваць, памаляваць, патанцаваць і г.д., – гурткі па інтарэсах.
Такім чынам, для дзяўчынак і хлопчыкаў створаны ўсе неабходныя ўмовы для адпачынку і рознабаковага развіцця. Што датычыць кошту пуцёвак у лагеры, то на гэты раз на патаненне іх для Любанскага раёна, па словах Людмілы Сяргееўны, выдзелена Мінскім абласным упраўленнем Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні 5 670 рублёў, ці 4,20 руб. на кожны ложка-дзень.









