Падчас рэйду ў Малагарадзяціцкім сельсавеце выратавальнікі выявілі парушэнні патрабаванняў пажарнай бяспекі
Бывае і такое, што да апошніх паступаюць запыты з розных службаў з просьбай абследаваць жыллё і даць заключэнне, ці адпавядае яно дзеючым патрабаванням супрацьпажарнага заканадаўства. Менавіта па іх на мінулым тыдні і адправіліся работнікі Любанскага РАНС у Малагарадзяціцкі сельсавет. Да інспектараў далучыўся і карэспандэнт «ГЛ».
Спярша ўдзельнікі рэйдавага мерапрыемства накіраваліся у Малыя Гарадзяцічы. Там у доме па вул. Першамайскай пражывае жанчына, якая выказала пажаданне ўзяць пад уласную апеку ўнукаў, адабраных у роднага сына. Перш чым прыняць якое рашэнне, упраўленне па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама павінна абследаваць умовы жыцця патэнцыяльнага апекуна, і, зразумела, без адпаведнага заключэння прадстаўнікоў пажарнай службы ў такім пытанні не абысціся.
На жаль, тое, што ўбачылі інспектары РАНС, даволі далёка знаходзіцца ад паняцця пажарнай бяспекі. Першае, што кінулася ў вочы, ужо ў двары дома – не абкладзены цэглай або іншым ізаляцыйным матэрыялам азбестацэментны комін. Яго выкарыстанне можа прывесці да бяды, тым больш што, як аказалася, на гарышчы да таго ж абуладкаваны так званы «бораў», або ляжак.
Акрамя таго, спіс парушэнняў дапоўнілі адсутнасць у месцы злучэння дымахода і столі з гаручых матэрыялаў супрацьпажарных раздзелкі і адступкі; шчыліны ў фасадзе ўсіх эксплуатуемых пячэй; абклееная шпалерамі і пафарбаваная гаручай фарбай праводка, а таксама няспраўны аўтаномны пажарны апавяшчальнік.


Высветлілася, што домаўладанне ўжо наведвалі напрыканцы ліпеня, і гаспадыня атрымала рэкамендацыі па ўхіленні парушэнняў. Аднак з усіх недахопаў паклапацілася толькі аб абуладкаванні падлогі прытопачнымі лістамі. Здаецца, такія адносіны да бяспекі ўласных унукаў не дазволяць бабулі забраць іх да сябе ў хуткім часе.
Наступным па спісе па запыце з сельвыканкама праверылі жыхароў дома па вул. Гагарына, і справы там не лепш: той жа неабкладзены азбестацэментны комін, шчыліны ў корпусе печаў, схаваная пад шпалерамі праводка.
Да таго ж інспектары заўважылі няспраўныя дзверы ў адной з пячэй, прытопачныя лісты, што не адпавядаюць патрэбнаму памеру, зрабілі заўвагу гаспадарам, якія кураць у памяшканні, настойліва парэкамендавалі ўстанавіць тры аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі ў кожны жылы пакой.
Праверылі супрацоўнікі МНС і лічыльнік электраэнергіі, дзе іх чакаў даволі непрыемны сюрпрыз: ажно два, так званыя «жучкі». Замест завадскіх уставак прадпрымальны гаспадар накруціў на пробкі няплаўкую медзь, што не дазволіць засцерагальніку выключыцца падчас перавышэння напругі. Такая сітуацыя з’яўляецца недапушчальнай, таму што вядзе ў абсалютнай большасці выпадкаў да пажару. Гэта і пастараліся растлумачыць галаве сям’і інспектары. Мужчына паабяцаў выправіцца і набыць нехапаючыя дэталі ўжо ў магазіне, а не карыстацца падручнымі сродкамі. Тым больш што самі пробкі ўжо былі цёплымі, а гэта ў сваю чаргу пацвярджае: напружанне на пробку перавышае ўстаноўленыя нарматывы.

Па трэцім адрасе, ужо ў Палічыне, таксама не абышлося без парушэнняў. Мужчына пенсійнага ўзросту, які пражывае ў доме па вул. Дачнай, пра ўласную бяспеку, мабыць, не клапоціцца. Пра што яскрава гаворыць бур’ян амаль у пояс на падворку ля хаты, трэшчыны і паламаныя дзверцы ў пячах і праводка, схаваная пад папяровыя шпалеры. Гаспадару падрабязна растлумачылі, што неабходна выправіць і ў які тэрмін, а таксама папярэдзілі пра адказнасць за невыкананне гэтых парад.

На верхнім здымку: у Палічыне спальвалі сухую расліннасць без належнага дагляду.









