Па маляўнічым куточку
У кнізе «Памяць» прыводзяцца даныя, што ў 1924 г. куценскія вяскоўцы, якія адносіліся да Забалацкай воласці, пражывалі на хутарах па 2-7 сяліб, а ў кожнай па 9-11 чалавек. Займаліся ў асноў-ным земляробствам, жывёлагадоўляй, р. Арэса адорвала рыбай, лес – грыбамі, ягадамі і дзічынай. У 1930 г. да камуны імя БВА было далучана 200 га зямлі са згоды мясцовых хутаран. Не ўсе адразу згадзіліся ўліцца ў калектыўную гаспадарку. Так, браты Рыгор і Лука Сулімы і яшчэ некалькі мясцовых жахароў рэпрэсіраваны ў гады сталінскага генацыду, і толькі ў 90-я гады іх нашчадкі атрымалі грашовыя сродкі за панесеныя страты ў адпаведнасці з заканадаўствам.
У гады ваеннага ліхалецця вяскоўцы актыўна ўдзельнічалі ў барацьбе супраць нямецкіх захопнікаў. Тодар Вярынскі распавядаў землякам пра сустрэчу на р. Эльбе з салдатамі саюзнай арміі і дэманстраваў падараваны сувенір – долар, які доўгі час захоўвала сям’я ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны.

Па ўспамінах старажылаў, дружнай сям’ёй жыхары рупна аднаўлялі Куценку, умацоўвалі эканоміку гаспадаркі ў пасляваенны час. У гады, калі калгасам імя БВА кіраваў Цімафей Смірноў, у вёсцы налічвалася 72 двары, больш за 300 жыхароў. На затоках Арэсы ў 1955–60 гг. была створана ферма, дзе гадаваліся гусі і качкі (выраблялі плывучыя драўляныя хаткі, якія плавалі па затоцы), а паблізу ў асобным памяшканні ўтрымлівалі курэй-нясушак і ажно да 1973 г. вытворчае памяшканне на 300 галоў авечак, дойнага статка і адкорму БРЖ. У вёсцы да паслуг жыхароў дзейнічалі крама, лазня, клуб з танцавальнай і кіназалай, бібліятэкай. Функцыянавала і пачатковая школа да 1981 г.; пасля вучняў пачалі падвозіць калгасным аўтобусам у Нежынскую СШ, а каб у вясновае разводдзе ды восеньскія дажджы пераадолець каля 700 метраў дарожнай няўдобіцы, пастаянна дзяжурыў ранкам і ў поўдзень трактарыст на гусенічным трактары ДТ-54.
«Раней тут было цікава жыць і самааддана шчыраваць», – згадвае Рыгор Лапцік, у мінулым брыгадзір паляводчай брыгады, які абраў прафесію па прыкла-дзе свайго бацькі, што займаў такую ж пасаду ў пасляваенны час. А зараз працоўную эстафету Лапцікаў прадаўжае Аляксандр Рыгоравіч – першы намеснік старшыні Салігорскага райвыканкама, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні. Увогуле, шмат руплівых, доб-расумленных людзей, якія сёння заняты ў розных сферах шматлікіх рэгіёнаў, з’яўляюцца ўраджэнцамі Куценкі.
Аднак, на жаль, цяпер гэта неперспектыўная вёска. Там пражываюць толькі 22 чалавекі, старэйшаму з іх – Фёдару Суліму – 92 гады. Але ніхто з іх не лічыць сябе забытым. Некалькі разоў на тыдзень у вёску прыязджае аўтамагазін, дзе можна набыць прадукты харчавання і тавары першай неабходнасці. У доме сацыяльных паслуг праводзяцца сустрэчы са спецыялістамі служб раёна. Сіламі работнікаў Камунараўскага СДК ладзяцца святы вёскі. А ўлетку Куценка маладзее, таму што завітваюць дзеці і ўнукі, каб дапамагчы бацькам, дзядулям і бабулям дагледзець падворкі ды адпачыць у маляўнічым куточку сярод сасновага лесу паблізу Арэсы.
Анатоль Вялічка,
краязнавец.









