Наяўныя набыткі – аснова руху наперад
З удзячнасцю ўдзельнікаў мерапрыемства прывітаў старшыня райвыканкама Сяргей Казецкі. Ён зазначыў, што падводзячы вынікі мінулага года, ёсць усе падставы сцвярджаць – нягледзячы на няпростыя ўмовы, наш раён дасягае поспехаў і дынамічна развіваецца ва ўсіх галінах. Без сумнення, на ўсіх прадпрыемствах, у арганізацыях, установах у нас зладжаныя, умелыя, працаздольныя калектывы. Дзякуючы агульным намаганням за 2018 г. атрымана прамысловай прадукцыі на суму каля 40 мільёнаў рублёў; прыцягнута без малога 50 млн руб. замежных інвестыцый. Шэраг прадпрыемстваў пашырылі асартымент выпускаемай прадукцыі з улікам попыту на рынку. Станоўчая дынаміка назіраецца па рэнтабельнасці прадаж і рэалізаванай прадукцыі. Асабліва плённа спрацавалі ААТ “Завод сценавых блокаў”, ПВУП “Завод сілавой гідраўлікі”. Упэўнена развіваюцца прадпрыемствы недзяржаўнай формы ўласнасці: ТАА “Александроў”, ЗТАА “Уніфорэст”, ЗПВУП “Любанская фабрыка адзення”. За мінулы год за кошт усіх крыніц фінансавання па раёне ўведзена ў эксплуатацыю 7 000 квадратных метраў жылля, што дазволіла 67 сем’ям палепшыць умовы пражывання. Прадукцыі сельскай гаспадаркі летась атрымана ў супастаўных цэнах га 99 млн руб. Найбольшы рост валавай вытворчасці дасягнуты ў ААТ “БВА” і “Асавец-агра”. У няпростых умовах надвор’я праходзіла мінулая жніўная кампанія, але нашы хлебаробы ў чарговы раз праявілі дбайнасць, высокае майстэрства і справіліся з пастаўленай задачай.
Адзначыў Сяргей Іванавіч і станоўчыя вынікі работнікаў адукацыі, аховы здароўя, культуры, сацыяльнай абароны насельніцтва, фізічнай культуры і спорту, сферы паслуг, праваахоўных органаў, выратавальнікаў. Добрым зачынам для дасягнення высокіх паказчыкаў паслужыла ў тым ліку і дзейнасць па рамонце, умацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы многіх устаноў сацыяльна-культурнай сферы. Праведзены мадэрнізацыя фасада Любанскай ЦРБ, бягучыя рамонты ва Урэцкай участковай бальніцы, трох амбулаторыях, двух ФАПах, РЦК, некаторых СДК. Па выніках цэнтралізаванага тэсціравання двое навучэнцаў СШ №1 г. Любані атрымалі 100-бальныя сертыфікаты. На рахунку Гімназіі №1 трэці рэзультат па ЦТ сярод 40 аналагічных устаноў адукацыі Міншчыны.

Удзячнасці заслугоўваюць і сельвыканкамы за кампетэнтную, арганізаваную работу з жыхарамі, па добраўпарадкаванні населеных пунктаў і рашэнні пытанняў жыццязабеспячэння.
“Сённяшнія дасягненні Любанскага раёна – гэта аснова далейшага руху наперад. Ад таго, як мы будзем працаваць, залежыць наш дабрабыт, развіццё рэгіёну. Таму перад кожным стаіць задача – задзейнічаць усе рэзервы для паспяховай рэалізацыі намечанага ў бягучым годзе”, – падкрэсліў С.І. Казецкі і пажадаў усім міра, здароўя, удачы, веры ў свае сілы і поспехаў у прафесійнай дзейнасці.
Віншаванні нашым рупліўцам адрасавалі таксама намеснік старшыні Мінскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Дабрыцкі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Юлія Мурына, намеснікі старшыні райвыканкама Валерый Мельнік, Дзмітрый Сухан і Тамара Дамашэвіч.

Акрамя прыемных слоў, многія заўзятыя работнікі Любаншчыны, перадавікі вытворчасці, атрымалі заслужаныя ўзнагароды. Так, за добрасумленную працу, значны асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна Падзякай старшыні Мінаблвыканкама ўзнагароджаны Яўген Мафіеня, трэнер-выкладчык па вольнай барацьбе ДЮСШ, Таццяна Пархоменка, аператар машыннага даення ААТ “Забалацкі”, Іван Гусеў, майстар ДУП “ПМК-201”, Ганна Селівестрава, дырэктар Кузьміцкага СДК; Ганаровай граматай і грашовым падарункам ГА “Беларускі саюз жанчын” – Вераніка Марозава, дырэктар ААТ “Урэцкі”, Падзякай старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь – Святлана Новікава. Таксама былі ўручаны Ганаровыя граматы райвыканкама і, вядома, адзначаны пераможцы раённага спаборніцтва.

Атмасферу ўрачыстасці на працягу ўсяго мерапрыемства стваралі работнікі культуры; свае творчыя нумары дарылі лепшыя выканаўцы Любаншчыны.










