На свята – у горад-­пабрацім

Общество
12 июля 2018
289
На свята – у горад-­пабрацім
 
 Звыш дзесяці гадоў дзейнічае пагадненне аб супрацоўніцтве паміж нашым раёнам і Багародскім Ніжагародскай вобласці Расійскай Федэрацыі. Калісь іх з’яднала імя Аляксея Брагіна.

 Гэты мужны патрыёт, ураджэнец таго краю, у гады Вялікай Айчыннай вайны з’яўляўся адным з арганізатараў камуністычнага падполля і партызанскага руху ў Мінскай і Палескай абласцях. І загінуў на Любаншчыне. Яго памяць шануюць і ў нас, і на малой радзіме.

 

 Рэгіёнамі падтрымліваюцца цесныя сяброўскія сувязі ў розных сферах. Так, напрыклад, творчыя калектывы Любаншчыны паспяхова ўдзельнічаюць у фестывалі «Хрустальный ключ», які праводзіцца ў сяле Сартакава на Бага-
родчыне. Традыцыйна дэлегацыя нашага раёна прымае ўдзел у святкаванні Дня г. Багародска.

 Вось і нядаўна намеснік старшыні райвыканкама Тамара Дамашэвіч, дырэктары адкрытага акцыянернага таварыства «Асавец-агра» Уладзімір Клімовіч, раённага Цэнтра культуры Вячаслаў Грышчэня, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Любанскага лясгаса Наталля Лапцева вярнуліся з горада-пабраціма. На працягу некалькіх дзён знаходзіліся там, і кожны з іх быў насычаны новымі знаёмствамі, змястоўнымі экскурсіямі. Любанчане наведалі шэраг сацыяльных, гандлёвых, спартыўных аб’ектаў, славутых мясцін Багародчыны, з вялікай цікавасцю пабывалі на прадпрыемствах аграпрамысловага комплексу. У сельгаскааператыве «Калгас «Зара» даведаліся, што сярэднясутачны надой ад каровы там складае 28 кілаграмаў, а ад дзвюх рагуль-рэкардсменак увогуле атрымліваюць па 90 кг. У СВК «Калгас імя Кірава» пабачылі, якія выкарыстоўваюцца тэхналогіі ў раслінаводстве. У.А. Клімовіч, як кіраўнік ААТ, многае ўведаў для сябе пры наведванні СВК «Калгас «Іскра», у прыватнасці, па вырошчванні элітных гатункаў «другога хлеба».

 Шмат станоўчых уражанняў удзельнікі нашай дэлегацыі атрымалі ад святочнай дзеі, прысвечанай 95-годдзю Багародска і 448-й гадавіне Багародскага пасялення, якая ўключала самыя разнастайныя мерапрыемствы: музычныя, забаўляльныя праграмы, выставы, футбольны матч, ушанаванне выпускнікоў-выдатнікаў, ветэранаў працы, заслужаных людзей і інш. Выклікалі інтарэс аформленыя ў адпаведнасці з традыцыямі і асаблівасцямі мясцовасці падворкі вясковых пасяленняў, «Горад майстроў».

 Як зазначыла Т.М. Дамашэвіч, Багародчына – рэгіён, які актыўна развіваецца, штогод там узводзяцца новыя ўстановы адукацыі, аб’екты інфраструктуры і г.д. А таму заўсёды ёсць што паглядзець і ўзяць на ўзбраенне. Нездарма кожны раз дэлегацыя нашага раёна вяртаецца, атрымаўшы пэўны вопыт.

 

 


pravoby presgov raispolkom mininf ispolkom portal 1radio