На парадку дня ўборка збожжа
Пакуль жа нельга сказаць, што працуюць яны ў полі да сёмага поту, бо добры перадых, больш за ўсё непажаданы, дае зрабіць надвор’е. А яно, як відаць, пакуль капрызнічае, не задаволены гэтым і спецыялісты сельгасарганізацый, бо патрэбна выконваць заданні, а няма як. Тое ж пацвердзіла і вопытны спецыяліст у раслінаводстве, галоўны аграном адкрытага акцыянернага таварыства «Юрковічы» Галіна Леанавец:
– Да жніва падрыхтаваліся як належыць, але дажджы не даюць хлебаробам разгарнуцца. У гаспадарцы сфарміравана пяць камбайнавых экіпажаў, і адзін часова прыбыў на дапамогу з Любанскага льнозавода. Тэхнікі для адвозкі збожжа ад камбайнаў таксама дастаткова. Дарэчы, у нас задзейнічаны адзін МАЗ з ААТ «Любанскі райаграсэрвіс». Зараз убіраем азімае жыта, пасля пяройдзем на авёс.
Па словах Галіны Мікалаеўны, дапрацоўка ўраджаю ажыццяўляецца на зернетаку ў вёсцы Старыя Юрковічы. Там задзейнічаны вопытныя і вельмі адказныя аператары. Належнай загрузкі сушылкі пакуль няма, самая гарачая пара для хлебаробаў пачнецца, як толькі ўсталюецца спрыяльнае для жніва надвор’е.
Па інфармацыі ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама на раніцу 17 ліпеня ў ААТ «Юрковічы» абмалочаны 322 гектары, што складае 29 працэнтаў ад плана (для параўнання: 19% – у сярэднім па раёне). Ураджайнасць зерневых зараз у «Юрковічах» вагаецца ад 20 да 30 цэнтнераў з гектара. Да слова, на гэты час самыя ўрадлівыя нівы ў ААТ «Рачэнь», дзе з круга атрымліваюць 40 цэнтнераў збожжа.
– Недзе з месяц, як наша арганізацыя – ААТ «Любанскі льнозавод» – набыла сабе ў карыстанне камбайн Палессе GS 12 A1, – распавёў старшы камбайнер Аляксандр Аляксандравіч БАЦЮК. – На новай тэхніцы працуецца добра і камфортна. Вельмі важна, што ніякая вулічная спякота не страшна, калі знаходзішся ў кабіне, – кандыцыянер спраўна функцыянуе. пры жаданні яго можна адрэгуляваць так, што нават змерзнеш. Пакуль па дамоўленасці аказваем дапамогу ва ўборцы збожжа новым камбайнам гаспадаркам раёна. Зараз, напрыклад, жнём азімыя зерневыя на палетках ААТ «Юрковічы», папярэдне працавалі ў КСУП «Таліца-агра». Аднак у хуткім часе камбайн будзе задзейнічаны на ўборцы лёну.









