На Любаншчыне стартаваў трэці працоўны семестр
Як паказвае практыка, кожны год падчас летніх
канікул у моладзі ўзрастае інтарэс да працоўнай дзейнасці. Многія юнакі і
дзяўчаты жадаюць быць залічаны ў студатрад і шчыраваць на карысць малой
радзімы.
Вось і сёлета стартаваў трэці працоўны семестр.
Знайсці вакансіі на летні перыяд старшакласнікам любанскіх школ, навучэнцам
сяльгасліцэя, а таксама студэнтам, ураджэнцам раёна па традыцыі дапамагае
райкам грамадскага аб’яднання «БРСМ». Акрамя таго, дадзенае пытанне трымае на
ўзбраенні і аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. Як
паведаміла галоўны спецыяліст яго Юлія Хацько, некалькі студатрадаў ужо
сфарміравана. Так, з 1 ліпеня прыступіў да работы «Фенікс». Экалагічны атрад
(па добраўпарадкаванні і азеляненні) у саставе чатырнаццаці чалавек заняты ў
жыллёва-камунальнай гаспадарцы. Рабяты ад 14 гадоў і старэйшыя на чале з
камандзірам Анастасіяй Мірэйчык, студэнткай Мінскага індустрыльна-педагагічнага
каледжа, на працягу двух тыдняў будуць выконваць даручэнні кіраўніцтва ЖКГ.
Падлеткі, дарэчы, з першых дзён працуюць сумленна і рупліва. «Каб з нашай
дапамогай горад стаў яшчэ больш прыгожым», – з усмешкай у адзін голас зазначылі
яны.
Следам, з 6 ліпеня, пачнуць работу будаўнічы атрад «Максімум»
на базе перасоўнай механізаванай калоны 201 і яшчэ адзін ў таварыстве з
абмежаванай адказнасцю «МіраГарант». У першым з іх сем «байцоў», навучэнцаў прафесійнага
сельскагаспадарчага ліцэя, у другім – дзесяць, сярод якіх не толькі ліцэісты, а
і вучні Гімназіі №1 г. Любані, студэнты Салігорскага дзяржаўнага каледжа.
Пазней плануецца стварыць яшчэ педагагічны студатрад, удзельнікі яго
паспрабуюць свае сілы ў якасці выхавальнікаў дзіцячага аздараўленчага лагера «Арэса».
Таксама малады працоўны дэсант будзе шчыраваць у сельскагаспадарчых
прадпрыемствах – на збожжатоках у час жніўнай кампаніі і не толькі.
Юлія Дзмітрыеўна выказала спадзяванне, што маладыя
людзі з карысцю правядуць так званы трэці семестр, атрымаюць прафесійныя навыкі
і прадэманструюць свае лідарскія якасці. А наконт таго, каб падчас іх работы
захоўваліся ўсе нормы заканадаўства па ахове працы, паклапоціцца раённая
мабільная група па кантролі і каардынацыі дзейнасці студэнцкіх атрадаў.









