На Любаншчыне стартаваў сезон восеньскіх ярмарак

Вось і ў гэты раз нават не зусім спрыяльнае надвор’е не перашкодзіла ўсім жадаючым прыйсці на цэнтральны рынак за пакупкамі. А прапаноўваліся ў шырокім асартыменце хлебабулачныя вырабы райспажыўтаварыства, карпы ад рыбакамбіната “Любань”, мёд і дэкаратыўныя расліны для ўпрыгожвання прысядзібных участкаў ад лясгаса. Меліся ў продажы і свініна, ялавічына (у мясным павільёне), садавіна, агародніна, саджанцы пладовых дрэў, ягадных кустоў, вінаграду і інш.

Да кожнага прадаўца падыходзілі людзі, цікавіліся коштам, куплялі тое, што прыходзілася даспадобы. Але найбольш пакупнікоў было сканцэнтравана каля машын з сельгаспрадпрыемстваў. Любанчане, якія маюць дапаможную гаспадарку, меркавалі набыць зерня. Аднак зрабіць тое атрымалася не ва ўсіх. Як высветлілася, попыт на ячмень, трыцікале, авёс, пшаніцу новага ўраджаю пераважаў прапанову.

Але гэта быў толькі першы восеньскі кірмаш. І ўсе, хто яшчэ не паспеў запасціся неабходнай прадукцыяй, абавязкова змогуць зробіць гэта ў наступны раз – ужо праз тыдзень.









