На кукурузных палетках сельгаспрадпрыемстваў раёна кіпіць работа
«Каралеву палёў» убіраюць не толькі на сілас, зялёны
корм, а і на зерне. Яго намалочана ўжо звыш 5 000 тон.
Больш за 600 т на рахунку працаўнікоў адкрытага
акцыянернага таварыства «Чырвоная Змена» імя К.І. Шаплыкі». Як распавёў галоўны
аграном гаспадаркі Віталій Рашчэня, запланавана
ўбраць на зерне 400 гектараў кукурузы гатункаў «парумбень-176», «бема-172», «палескі-212».
Трэцюю частку іх абмалацілі. На круг атрымліваецца ў сярэднім па 50 цэнтнераў.
– Нядрэнная ўраджайнасць, – зазначыў Віталій
Уладзіміравіч. – Мяркуем за кошт «каралевы палёў» папоўніць запас кармоў для
грамадскага статка. А яшчэ некаторую колькасць кукурузных зярнят будзем рэалізоўваць.
Яны карыстаюцца попытам. У прыватнасці, зараз пастаўляем іх на прадпрыемства «Смалявічы
Бройлер».
На абмалоце «каралевы палёў» у ААТ задзейнічаны, па
словах галоўнага тэхнолага палёў, вопытныя і спрактыкаваныя работнікі. Экіпажы
на чале са старшымі камбайнерамі Максімам Вясёлкіным і Максімам Малышавым шчыруюць
з поўнай аддачай, усё робяць па тэхналогіі, якасна. Каб не было прасыпання
зерня, уборачныя агрэгаты аснашчаны спецыяльнымі прыстаўкамі. Штовечар
хлебаробы праводзяць іх абслугоўванне, рыхтуюць да наступнага працоўнага дня.
Без нараканняў выконваюць свае абавязкі і
механізатары, занятыя на адвозцы зерня ад камбайнаў на ток, машыністы, якія
дасушваюць ўраджай. Чырвоназменаўцы, вядома, разумеюць: трэба як мага хутчэй
завяршыць уборку, пакуль яшчэ стаіць спрыяльнае надвор’е.
Трэці сезон разам абмалочваюць збажыну і «каралеву
палёў» Максім Вясёлкін і Іван Брагінец. Падчас жніўнай кампаніі выдавалі з
бункера замацаванага КЗС-1218 па 40-50 тон зярнят. Прыкладна столькі
атрымліваецца і кукурузных.









