На базе санаторыя «Рассвет - Любань» ладзілася выязное пасяджэнне камісіі па прафілактыцы вытворчага траўматызму і прафесіянальных захворванняў
Мінулай восенню, а калі дакладней – 14 кастрычніка, у санаторыі
«Рассвет-Любань» адбыўся пажар у лячэбным корпусе.
Як пасля было ўстаноўлена ў ходзе службовага
расследавання, найбольш верагоднай прычынай здарэння стала цеплавое самаўзгаранне
гаручых матэрыялаў аддзелкі (драўніны) памяшкання саўны ў час работы
цеплагенеруючага абсталявання (печы-каменкі). Гэта
вынік парушэння некаторых патрабаванняў бяспекі. А ў рэшце рэшт пацярпела
медыцынская сястра (атрымала тэрмічны апёк, тэрмаінгаляцыйную траўму), якая
несла сутачнае дзяжурства, і быў, вядома ж, нанесены немалы матэрыяльны ўрон
санаторыю.
Які ўрок вынесены з таго
непрыемнага выпадку, распавёў падчас выязнога пасяджэння камісіі па прафілактыцы
вытворчага траўматызму і прафесіянальных захворванняў, дзеючай пад кіраўніцтвам
намесніка старшыні райвыканкама Тамары Дамашэвіч, дырэктар філіяла «Санаторый
«Рассвет-Любань» ААТ «Белаграздраўніца» Васілій Усік. Ён падкрэсліў, што адразу
ж зроблены высновы, прыкладзены ўсе намаганні, каб без збояў у рабоце ўхіліць
ўсе недапрацоўкі. Праведзены рамонт памяшканняў, дзе адбылося ўзгаранне,
прызначаны інжынер па ахове працы, наладжаны больш строгі кантроль за
выкананнем усімі работнікамі правіл пажарнай, электрычнай і г.д. бяспекі,
своечасова праводзіцца інструктаж. У сваю чаргу, пацярпелая прайшла неабходнае
лячэнне і працягвае працаваць у санаторыі.
У пацвярджэнне ўсяго сказанага Васілій Пятровіч прапанаваў удзельнікам пасяджэння ўвачавідкі ўпэўніц-ца ў тым, што недахопы выпраўлены і ніякіх слядоў таго здарэння ў лячэбным корпусе не засталося. Сапраўды, там усюды пануе парадак, створаны цудоўныя ўмовы як для аздараўлення, лячэння людзей, якія адпачываюць, так і для дзейнасці калектыву.









