Маладых спецыялістаў прывіталі ў Любанскай ЦРБ
Сярод шматлікіх мерапрыемстваў, што ладзяцца ў
раённай цэнтральнай бальніцы, асаблівае месца займае пасвячэнне ў прафесію.
Такім чынам прымаюцца ў вялікі калектыў медработнікаў маладыя спецыялісты.
Сёлетняе папаўненне Любанскай ЦРБ – гэта 24 выпускнікі вышэйшых і сярэдніх спецыяльных устаноў адукацыі. Па іх шчырым прызнанні, яны абралі справу па поклічы сэрца, каб дапамагаць людзям пераадольваць хваробы і папраўляць самаадчуванне. Вітаючы маладых калег, намеснік галоўнага ўрача Кацярына Федасеева пажадала ім плёну ў працы, не расчаравацца ў зробленым выбары і стаць годнымі пераемнікамі сваіх настаўнікаў.
Па традыцыі маладым спецыялістам прапанавалі
паўдзельнічаць у гульні «МегаМед». Яны раздзяліліся на дзве каманды «Адрэналін» і «Вясёлыя пілюлі» і пры падтрымцы вопытных медработнікаў – урача
УГД-дыягностыкі Паўла Нарэйкі і галоўнай медсястры Марыі Кійко – спаборнічалі ў
разгадванні загадак, прыказак і прымавак, якія былі зашыфраваны ў рэбусы, кіданні
дроцікаў і іншых конкурсах. Па вынікаў усіх іх удзельнікі набралі аднолькавую
колькасць балаў. «Перамагла дружба!», – адзначыла старшыня
прафсаюзнага камітэта Алена Бялькевіч. І заклікала пачынаючых медыкаў заўсёды
быць наперадзе – і ў рабоце, і ў грамадскіх справах. А пасля разам з Кацярынай
Аляксандраўнай уручылі ім дыпломы маладых спецыялістаў.
Акрамя добрых слоў і шчырых пажаданняў, для іх
прагучала і некалькі прыгожых песень у выкананні Вікторыі Васілеўскай, Вікторыі
Салавей і Мікіты Ясючэні.









