Лепшых работнікаў сацыяльнай абароны Любаншчыны адзначылі на мерапрыемстве з нагоды іх прафесійнага свята
У адрас удзельнікаў гучалі самыя лепшыя віншаванні і пажаданні, словы
шчырай падзякі за нястомную працу, за чуласць і чалавечнасць, дабрыню і
спагаду, уменне гутарыць з людзьмі, кампетэнтнасць, жаданне дапамагчы кожнаму,
каму падрабуецца падтрымка. А таксама за тое, якую вытрымку і адказнасць
сацыяльныя работнікі праяўляюць зараз, у перыяд неспрыяльнай эпідэміялагічнай
сітуацыі.

Цёпла вітала прысутных у зале, сапраўдных прафесіяналаў сваёй справы,
намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Тамара Дамашэвіч. Яна зазначыла,
што на плечы работнікаў галіны ўскладзена шырокае кола задач, і з усімі яны
спраўляюцца на высокім узроўні. Паспяхова перадольваюць складанасці. Укараняюць
новыя формы работы. Ствараюць камфортныя ўмовы для тых грамадзян, якія
знаходзяцца ў няпростай сітуацыі.
Выпадковых людзей у сферы сацыяльнай абароны няма, падкрэсліла Тамара
Мікалаеўна, тут працуюць толькі тыя, хто адданы справе ўсім сэрцам, хто гатовы
клапаціцца пра адзінокіх, хворых і нямоглых, дзяліцца з імі душэўнай цеплынёй і
рабіць іх жыццё хоць крыху лепшым, больш светлым і радасным.
Самым старанным і вопытным з іх Т.М. Дамашэвіч уручыла заслужаныя
ўзнагароды. Ганаровыя граматы райвыканкама за добрасумленныя адносіны да
выканання службовых абавязкаў атрымалі сацыяльны работнік Праскоўя Лагун,
дырэктар ТЦСАН Тамара Плютава. Падзякі старшыні раённага выканаўчага камітэта аб’яўлены
намесніку начальніка ўпраўлення па працы, занятасці сацыяльнай абароне Іне
Анісавай, інструктару па працоўнай тэрапіі аддзялення дзённага знаходжання для
грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў Яўгеніі Друцько, загадчыцы аддзялення
сацыяльнай дапамогі на даму Але Кругасвет.
Да віншаванняў далучылася дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу
Рэспублікі Беларусь Юлія Мурына. Парламентарый падкрэсліла, што сацыяльная
абарона грамадзян сярод прыярытэтных у нашай краіне. І пажадала прадстаўнікам
гэтай сферы, добразычлівым, міласэрным, надзейным, міру і згоды, моцнага
здароўя і бадзёрасці духу, спаўнення ўсіх мар. А пасля Юлія Георгіеўна
запрасіла на сцэну Т.Г. Плютаву, падзякавала яе за шматгадовы плён.

У сваю чаргу Тамара Рыгораўна адзначыла шэраг работнікаў тэрытарыяльнага
цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, выказала ўдзячнасць за руплівую
сумесную працу, узаемаразуменне. Самыя шчырыя святочныя зычанні калегам прагучалі
і ад І.У. Анісавай.
Мерапрыемства атрымалася вельмі сардэчным і цёплым. Аздобілі яго і музычныя
нумары, падрыхтаваныя выканаўцамі і творчымі калектывамі РЦК.









