Лепшы спартсмен сярод вучняў Міншчыны
Узнагароджванне адбылося ў Дзяржынску падчас урачыстага мерапрыемства, у якім прынялі ўдзел дзевяць рабят – прадстаўнікоў нашага раёна. Кожны з іх вярнуўся дамоў з масай станоўчых уражанняў. А Цімафей Івашкін яшчэ і з узнагародамі.
Ён з маленства вядзе здаровы лад жыцця, з 6-гадовага ўзросту актыўна займаецца барацьбой вольнай. Як прызнаецца падлетак, гэты від спорту яму найбольш блізкі. А арыенцірам для сябе ў дасягненні поспехаў лічыць знакамітых барцоў Івана Ярыгіна і Аляксандра Мядзведзя. І марыць пра спартыўныя алімпы. Хаця, трэба сказаць, у капілцы Цімафея ўжо нямала ўзнагарод. Толькі за апошнія два гады ён атрымаў звыш дваццаці іх. Неаднаразова станавіўся пераможцам і прызёрам абласных і рэспубліканскіх турніраў, адкрытых першынстваў па барацьбе вольнай. А каб гэта стала магчымым, юнак шмат працуе над сабой, штодзень займаецца, загартоўваецца, умацоўвае сілу і дух. Пры гэтым і пра вучобу не забывае, удзельнічае ў класных і агульнагімназійных мерапрыемствах.









