Квітней, край, адкуль я родам!
Годнае месца сярод іх займае наш паважаны зямляк Анатоль Андруховіч, які нядаўна адзначыў свой 80-гадовы юбілей.
З гэтай нагоды ў Рэдкавіцкай сельскай бібліятэцы адбыўся краязнаўчы ўрок-пазнанне «Зямляк, якім ганарымся». У мерапрыемстве прынялі ўдзел педагогі і вучні мясцовай школы.
Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Інэса Канстанцінаўна Рубчэня і намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Аляксандр Іпалітавіч Дашкевіч расказалі пра жыццёвы шлях юбіляра.
Нарадзіўся Анатоль у 1939 годзе ў працавітай сялянскай сям’і ў вёсцы Рэдкавічы. Затым на свет з’явіліся сястра Ніна і брат Віця. У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны бацьку прызвалі ў дзеючую Чырвоную Армію, самааддана, мужна змагаўся ён з чужынцамі, але перамогі не дачакаўся, загінуў пад Смаленскам. Маці, як магла, абараняла і берагла сваіх крывінак у гады ваеннага ліхалецця.
Напрыканцы 1945 года лёс злітаваўся над удавою: у дом прыйшоў добры гаспадар, майстар на ўсе рукі Леанід Ананьевіч, які палюбіў сірот, вельмі паважаў жонку Любоў Аляксееўну. У сям’і нарадзілася яшчэ пяцёра дзяцей. Безумоўна, цяжка жылося такой вялікай сям’і. Бацькі з досвітку да позняга вечара працавалі жывёлаводамі на ферме. Толік, як старэйшы, стараўся ва ўсім дапамагаць ім.
Паспяхова закончыўшы Рэдкавіцкую сямігодку, яшчэ тры гады адвучыўся ў Любанскай сярэдняй школе. Затым паехаў на заробкі на Урал.
У 1959 годзе раптоўна памірае айчым, і юнак вяртаецца дадому, уладкоўваецца працаваць мулярам у сваім родным калгасе «Зара Камуны». З яго ўдзелам былі ўзведзены ў Рэдкавічах майстэрня для механізатараў і кармакухня.
Анатоль часта прыгадвае матулю, простую сялянскую жанчыну, стомленую цяжкай працай, заклапочаную лёсам дзяцей. Любоў Аляксееўна верыла ў лепшае жыццё сваіх крывіначак, вельмі хацела, каб старэйшы сын выйшаў у людзі, таму прымусіла Анатоля самастойна рыхтавацца да паступлення ў вышэйшую ўстанову.
У 1961 г. юнак едзе ў Мінск і з поспехам здае экзамены ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт імя У.І. Леніна. Вучыцца на аддзяленні журналістыкі і адначасова працуе слесарам на аўтазаводзе, супрацоўнічае з рэдакцыяй газеты «Аўтазаводзец». Пасля набыцця прафесіі журналіста ўладкоўваецца працаваць у рэдакцыю газеты «Мінская праўда», затым былі «Вячэрні Мінск», гістарычна-публіцыстычны часопіс, беларускае радыё. Прайшоў вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПСС.
Анатоль Антонавіч з’яўляецца аўтарам 15 мастацкіх і публіцыстычных кніг. Першы зборнік нарысаў «Сын Палесся» выйшаў у 1978 годзе. Гэта кніга стала для яго, бадай, самай дарагой: яна адлюстроўвае жыццё нашых працавітых вяскоўцаў, аўтар ганарыцца тым, што вырас на гэтай зямлі. Нездарма пад літаратурным запісам у 1983 годзе быў апублікаваны нарыс былога старшыні праўлення калгаса «Чырвоная змена», Героя Сацыялістычнай працы Кузьмы Іванавіча Шаплыкі «Село шагает в завтра». Затым выходзяць нарыс «Арэсы імклівая плынь», аповесці «Серабранка» і «Гарачы цэх». І зноў жа ў творах апісваюцца мясціны, што назаўсёды ўвайшлі ў яго сэрца.
Па волі лёсу ў васьмідзясятых Анатоль Антонавіч пераехаў жыць у Маскву і доўгі час працаваў там загадчыкам Беларускай групы аддзела апублікавання актаў Вярхоўнага Савета СССР, кансультантам у Вярхоўным Савеце СССР, загадваў аддзелам рэдакцыі журнала «Президентский контроль». У апошнія гады рэдагаваў часопіс «Русская женщина», штотыднёвік «Белорусы – России», раённую газету «Кахоўка».
Цяпер наш зямляк знаходзіцца на заслужаным адпачынку, хоць часта падводзіць здароўе, ён ніколі не сядзіць без справы і ўсё яшчэ піша.
Вельмі ганарыцца сваімі сынамі Антонам і Андрэем, прыгажуняй дачкой Юліяй, якія пайшлі па яго слядах, таксама займаюцца літаратурнай дзейнасцю.
Мара маці споўнілася: усе яе дзеці выраслі паважанымі людзьмі, а Анатоль стаў таленавітым журналістам, пісьменнікам, вядомым чалавекам, які не губляе сувязі са сваёй малой радзімай, наведваецца ў Рэдкавічы, сустракаецца з землякамі. Ён упэўнены, што нашчадкі павінны ведаць, з якіх глыбінь продкі чэрпалі мужнасць, жыццёвую стойкасць, у чым знаходзілі маральную апору.
Марыя СЛІВЕЦ,
бібліятэкар Рэдкавіцкай
сельскай бібліятэкі.









