«Карціны для аўтара як деці: яны павінны вырастаць і пакідаць яго, каб пабачыць свет»
«Мастак нічога не прыдумвае, нічога не прыхарошвае, а
аддаецца ўладзе цудоўнага, без хібаў
прыроды, мудра пабудаванага свету. І гэта радасць жыцця, асалода ад вечнай
прыгажосці перадаецца нам…» – так пісаў доктар
мастацтвазнаўства прафесар Рыгор Астроўскі. Гэтыя словы, несумненна, можна і аднесці і да творчасці Уладзіміра
Сцяпанавіча КОЖУХА – нашага таленавітага земляка, які зусім нядаўна адзначыў
свой сямідзесяцігадовы юбілей.
Больш за 30 гадоў надзвычай адораны мастак-жывапісец адпрацаваў выкладчыкам
у Слуцкай дзіцячай мастацкай школе. А нарадзіўся і вырас ён на Любаншчыне, у
пасёлку Сосны. Уладзіміра Сцяпанавіча заўсёды вабіў да сябе цудоўны свет
фарбаў, таму і не дзіўна, што аднойчы жыццёвая сцяжынка прывяла яго на мастацка-графічны
факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя С.М. Кірава (цяпер
– педагагічны ўніверсітэт імя П.М. Машэрава). Пасля заканчэння вучобы майстра працаваў
мастаком-афарміцелем на прадпрыемствах Мінска, пасёлка Новае Палессе,
выкладчыкам у Салігорскай дзіцячай мастацкай школе; затым асталяваўся на
Случчыне, якая стала яго другой радзімай… Усяго ж творчасці наш зямляк аддаў больш за 50 гадоў свайго жыцця – і за
гэты час яркімі фарбамі ажывіў шматлікія палотны, кожнае з якіх – непаўторнае. У
аснове творчага метаду таленавітага мастака – работа з натуры. Што ж да любімай
тэхнікі, то гэта, як не раз прызнаваўся сам Уладзімір Сцяпанавіч, – акварэль.
– Менавіта з яе якраз і пачынаў я сваё падарожжа ў свет жывапісу, – з
усмешкай зазначыў герой нашага матэрыялу. – Заўсёды любіў гэтыя фарбы: больш
даступныя, чым алейныя, і дазваляюць пісаць лёгка і хутка. Да таго ж у акварэльных
палотнах ёсць нейкі своеасаблівы магнетызм, які прыцягвае ўвагу да карціны і
дае адчуць лёгкасць і загадкавасць, што прысутнічаюць ў ёй. Нельга не адзначыць
таксама, што сёння гэта тэхніка перажывае, можна сказать, эпоху адраджэння.
Да слова, у сваіх працах мастак аддае перавагу жанру пейзажа, таму што
менавіта з дапамогай яго можна перадаць усю гамму пачуццяў, што хвалююць
творчую душу. Але і звяртаецца таксама да партрэта, сюжэтна-тэматычных
кампазіцый.
– У пэўны перыяд часу мне стала цікава маляваць людзей розных рас і
нацыянальнасцяў, – адзначае Уладзімір Сцяпанавіч. – Таксама не раз задумваўся
аб стварэнні серыі гістарычных палотнаў. Таму што мінулае Случчыны, як вядома,
вельмі цікавае і багатае на падзеі. Аднак, на жаль, не хапала часу для таго, каб
ажыццявіць гэтую маштабную задумку: даволі складана было сумяшчаць педагагічную
дзейнасць з напісаннем карцін. Але, спадзяюся, аднойчы я змагу зрабіць
запланаванае.
Нягледзячы на тое, што у сваёй творчасці Уладзімір Сцяпанавіч звяртаецца да
тэмы Случчыны, якая стала яго другой маленькай радзімай, натхняецца яе прыродай
і людзьмі, не забывае ён і пра Любаншчыну. Так, мінулай восенню творца наведаў Любанскую
дзіцячую школу мастацтваў, дзе правёў майстар-клас для навучэнцаў, падчас якога
расказаў навучэнцам пра тонкасці працы з акварэллю. А пасля адбылося ўрачыстае
адкрыццё выставы Уладзіміра Кожуха, падчас якого наш таленавіты зямляк падарыў
Любанскаму музею народнай славы 11 сваіх акварэльных палотнаў.









