Каб папрасіць садзейнічання ў вырашэнні надзённых праблем, жыхары звяртаюцца на “прамую лінію”, што праводзіцца кіраўніцтвам раёна
Найбольш, як правіла, пытанняў паступае старшыні райвыканкама Валерыю
Мельніку. Вось і ў чарговы раз ён уважліва выслухаў усе звароты, адрасаваныя
любанчанамі. Даў ім тлумачэнні, а таксама адпаведныя даручэнні кіраўнікам і
спецыялістам арганізацый, ад якіх залежыць аператыўнае выкананне запытаў.
Так, жыхар шматкватэрнага дома па вуліцы Сацыялістычнай, 13 у райцэнтры
агучыў праблему з падвальным памяшканнем: яно затапліваецца каналізацыйнымі
водамі. Каб даведацца ў чым справа, на месца выехалі работнікі
жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Абследавалі, высветлілі прычыну, вызначылі
аб’ём работ. А выканаць іх належыць прыватнаму ўнітарнаму прадпрыемству па
аказанні паслуг “Амірхан”, што са студзеня бягучага года адказвае за тэхнічнае
абслугоўванне жылых дамоў.
Паступіла пытанне таксама наконт перыядычнасці правядзення ачысткі
падвалаў. На што дадзены адказ Любанскай ЖКГ: “У адпаведнасці з пералікам работ
па санітарным утрыманні дапаможных памяшканняў шматкватэрных дамоў, зацверджаным
пастановай Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, уборка падвалаў, тэхнічнага падполля, паддашша і
іншых ажыццяўляецца не радзей 1 раза за год. Яна ўключае ачыстку ад старонніх
прадметаў, падмятанне”.
“Чаму пры адключэнні ацяплення ўзнікае праблема з гарачым
водазабеспячэннем?” – выказаў незадаволенасць гараджанін з вул. 9 Мая. Яму
патлумачана, што пры ўстанаўленні дадатнай тэмпературы паветра вышэй 10
градусаў кацельні пераводзяцца ў рэжым пратаплівання. У сувязі з чым могуць
узнікаць перабоі падачы гарачай вады.
Такім чынам ніводны з запытаў не застаўся без рэагавання з боку мясцовай
улады.









