Юных інтэлектуалаў, знаўцаў гісторыі роднага краю, узнагародзілі ў мінулую суботу ў музеі народнай славы

Общество
8 сентября 2020
111
Юных інтэлектуалаў, знаўцаў гісторыі роднага краю, узнагародзілі ў мінулую суботу ў музеі народнай славы

Некаторыя з рабят – вучні з адзінаццаці ўстаноў адукацыі Любаншчыны – у перыяд летніх канікул спалучалі прыемнае з карысным: і адпачывалі,  і з задавальненнем удзельнічалі ў раённай краязнаўчай гульні “Пытанні Дзеда-краяведа”. Яна была арганізавана ўпраўленнем па адукацыі, спорце і турызме, вучэбна-метадычным кабінетам сумесна з музеем народнай славы з мэтай фарміравання ў юных любанчан патрыятызму, духоўна-маральных якасцей і нацыянальнай самасвядомасці, выхавання пачуцця ўласнага дачынення да мінулага сваёй мясцовасці, школы, гордасці за славутых землякоў. Інтэлектуальная гульня стала працягам серыі мерапрыемстваў “Грамадзянам быць абавязаны” ў рамках Года малой радзімы і 75-й гадавіны Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

У перыяд з 10 чэрвеня па 28 жніўня праведзена тры этапы ў дыстанцыйнай форме. Першы па тэме “Партызанскі край”, другі – “Памяць страчаных назваў”, трэці – “Мой родны край”. Удзельнікі пад кіраўніцтвам настаўнікаў гісторыі з цікавасцю прапрацоўвалі іх і актыўна дасылалі адказы на “Пытанні Дзеда-краяведа”. Пры падвядзенні вынікаў журы ацэньвала дакладнасць, лаканічнасць, паўнату падачы інфармацыі і адпаведна налічвала балы. Найбольш іх у асабістым заліку атрымалі: Павел Свінко і Кацярына Трухан з Гімназіі №1, якія занялі адпаведна першае і трэцяе месцы, Лізавета Насановіч з Загальскага ВПК ДС-СШ – другое. Сярод каманд тройку ліраў склалі рабяты з Палічынскага, Забалацкага і Малагарадзяціцкага вучэбна-педагагічных комплексаў дзіцячы сад-сярэдняя школа.  

На выніковае ўрачыстае мерапрыемства іх запрасілі ў музей народнай славы. Дзе навуковыя супрацоўнікі спачатку прапанавалі юным знаўцам мінулага пазнаёміцца з дзеючымі экспазіцыямі, на якіх занатаваны старонкі слаўнай гісторыі нашага краю. А пасля адбылося ўзнагароджванне. Дырэктар музея Наталля Сіняк падзякавала ўдзельнікам краязнаўчай гульні за іх старанне, дапытлівасць, любоў да малой радзімы. Адзначыла, што рабяты сапраўды валодаюць грунтоўнымі ведамі аб багататай гісторыка-культурнай спадчыне родных мясцін і імкнуцца іх пастаянна паглыбляць.

“Важна, каб гэты інтарэс у падрастаючага пакалення не згасаў, – працягнула начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Таццяна Каравацкая. – Дзеці павінны ведаць традыцыі сваіх продкаў, захоўваць памяць пра ваенныя падзеі, людзей, якія змагаліся за Перамогу, шанаваць агульначалавечыя каштоўнасці, быць сапраўднымі патрыётамі сваёй Радзімы. Інакш немагчыма развіццё і існаванне нацыі і краіны. Гісторыя пашырае кругагляд, вучыць разважаць. А калі аналізуеш мінулае, пачынаеш лепш разбірацца ў цяперашнім, з разуменнем ставіцца да розных жыццёвых сітуацый”.

pravoby presgov raispolkom mininf ispolkom portal 1radio