Юныя любанчане сталі ўдзельнікамі абласнога балю

Общество
23 декабря 2019
145
Юныя любанчане сталі ўдзельнікамі абласнога балю

Навагодні абласны баль для моладзі, што адбыўся ў Маладзечна, закружыў у рытме вальса, паланэза, полькі таленавітых, актыўных юнакоў і дзяўчат Міншчыны. Такога кшталту мерапрыемства ў рамках акцыі «Нашы дзеці» сёлета ладзілася ўпершыню, але яно атрымала шмат станоўчых водгукаў ад удзельнікаў і магчыма стане ўжо добрай традыцыяй.

Самыя лепшыя ўражанні ад навагодняга балю засталіся ў прадстаўнікоў нашага раёна – Анастасіі Вярэнік, Паліны Нямальцавай, Дзмітрыя Курача, Дзмітрыя Чыжа, навучэнцаў СШ №3, Дзіяны Прахарэнкі і Кірыла Афанасьева з СШ №1 г. Любані.

– Для нас было адначасова і ганарова, але і вельмі адказна прымаць удзел у такой святочнай дзеі, – падзялілася Анастасія Вярэнік. – Вядома ж, шмат рыхтаваліся з педагогам дадатковай адукацыі Любанскага цэнтра дзіцячай творчасці Зояй Высоцкай, каб дасканальна асвоіць усе па. І ў нас атрымалася – мы, як і астатнія пары, прыгожа рухаліся пад гукі сімфанічнага аркестра Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Агінскага. Увогуле мерапрыемства вельмі спадабалася. Праграма была цікавай і насычанай. Праводзіліся майстар-класы па бальных танцах, выступалі салісты Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь, акцёры Мінскага абласнога драматычнага тэатра, Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіі-каледжа і г.д.

Усяго ў балі прынялі ўдзел трыста юнакоў і дзяўчат – вучні 9-11 класаў, якія на ўласным рахунку маюць перамогі ў алімпіядах па вучэбных прадметах, творчых і даследчых конкурсах, спартыўных спаборніцтвах, з’яўляюцца актывістамі валанцёрскага руху. Гэта лепшыя прадстаўнікі падрастаючага пакалення нашай вобласці. Падчас прывітальнага выступлення старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын зазначыў, што яны – будучыня і надзея Міншчыны, і менавіта ад іх залежыць, якой будзе наша краіна ў перспектыве. Ён пажадаў моладзі новых поспехаў і здзяйсненняў. А напрыканцы мерапрыемства усе ўдзельнікі атрымалі падарункі ад губернатара.


pravoby presgov raispolkom mininf ispolkom portal 1radio