Якія клопаты і праблемы турбуюць жыхароў Забалаці, уведала кіраўніцтва Любанскага раёна падчас сустрэчы з насельніцтвам

Общество
8 августа 2019
125
Якія клопаты і праблемы турбуюць жыхароў Забалаці, уведала кіраўніцтва Любанскага раёна падчас сустрэчы з насельніцтвам
У мясцовым Доме культуры сабраліся і маладыя, і сталыя вяскоўцы. Хтосьці прыйшоў проста паслухаць, аб чым пойдзе гаворка, але большасць людзей завітала, каб, так бы мовіць, праліць святло на тое ці іншае пытанне.

Напрыклад, некаторых гаспадароў хвалявала, ці дапаможа ААТ «Забалацкі» абмалаціць збожжавыя на прысядзібных участках. На што старшыня райвыканкама Ва­лерый Мельнік зазначыў: абавязкова, як толькі завершыцца масавая ўборка на палетках таварыства.

– Калі ўзнікаюць няштатныя сітуацыі з вясковай воданапорнай вежай, куды неабходна звяртацца? – прагучала пытанне ад прысутных.

– У КУП «Салігорскводаканал», заяўкі падаваць па нумары 115, – праінфармаваў прадстаўнік гэтага прадпрыемства Сяргей Шэшка.

Узнімалася пытанне добраўпарадкавання адрэзка дарогі па вуліцы Першамайскай (ад школы да вул. Юбілейнай). Калі ідуць дажджы, растае снег, там проста ні прайсці ні праехаць, паскардзіліся вяскоўцы. Начальнік ДРБУ-193 Віктар Шатнёў паведаміў, што з 1 студзеня 2019 г. усе дарогі (акрамя цэнтральных) у населеных пунктах перададзены на баланс жыллёва-камунальнай гаспадаркі, аднак паабяцаў не адхіліцца ад гэтай праблемы і сумесна з кіраўніцтвам ЖКГ разабрацца. Магчыма, не адразу атрымаецца заасфальтаваць, але падсыпаць, прагрэйдзіраваць, вядома ж, па сілах, падкрэсліў Віктар Міхайлавіч.

У працяг тэмы жыхары пацікавіліся і наконт рамонту дарог паміж Забалаццю і Юшкавічамі і ў накірунку на Обчын. В.М. Шатнёў згадзіўся, што гэтыя ўчасткі сапраўды неабходна абуладкоўваць, але, калі будзе выдзелена фінансаванне на іх, пакуль невядома.

Нараканні былі выказаны наконт таго, што ў нядзелю не працуе мясцовы магазін, ды і асартымент там жадае быць лепшым. Старшыня райспажыўтаварыства Мікалай Корбут пракаменціраваў: «На жаль, гэты гандлёвы аб’ект нерэнтабельны, але з улікам пажаданняў пастараемся дадаткова прапрацаваць пытанне, па магчымасці хаця б на сезон увесці ў штат яшчэ аднаго прадаўца і пашырыць пералік тавараў».

Ад шэрагу вяскоўцаў прагучала незадаволенасць тым, што ў Забалаці закрылі комплексна-прыёмны пункт. Пыталіся прысутныя: аб выдзяленні жылля для шматдзетных сем’яў, ці плануюцца рамонт фельчарска-акушэрскага пункта, замена вокнаў у Забалацкім ВПК ДС-СШ, ці будзе праведзены газ у вёску і інш. Валерый Мельнік адзначыў, што ўсе звароты прыняты да ведама і пасля іх дэталёвага вывучэння жыхары атрымаюць тлумачэнні.

 


pravoby presgov raispolkom mininf ispolkom portal 1radio