Інтэрв'ю Лукашэнкі тэлеканалу "Беларусь 1"
Лукашэнка і Пуцін дамовіліся аб новай
сустрэчы ў бліжэйшыя дні з удзелам членаў урадаў
Прэзідэнты
Беларусі і Расіі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін на перагаворах у Сочы 22
жніўня дамовіліся аб новай сустрэчы ў бліжэйшы час з удзелам членаў урадаў
дзвюх краін. Аб гэтым кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў у інтэрв'ю тэлеканалу
"Беларусь 1".
«Самае важнае было тое, што мы дамовіліся з Прэзідэнтам Расіі, што
літаральна ў бліжэйшыя некалькі дзён мы знойдзем магчымасць у сваіх графіках
(асабліва ў яго, паколькі я тут узяў невялікую паўзу, мне прасцей). Ён у курсе,
што ў нас новы ўрад, зразумела. І ён прапанаваў: давай мы сустрэнемся ў
бліжэйшы час або тут у Сочы, або ў Маскве і абмяркуем праблемы, якія больш за
ўсё датычацца ўрадаў Расіі і Беларусі. Вядомыя праблемы», – расказаў беларускі
лідар.
«Новых пытанняў у нас, на шчасце, праблемных не з'явілася, і яны
не накопліваюцца. Але гэта старыя пытанні, па якіх, можа, і нам трэба прымаць
рашэнне. І прапанова Пуціна аб тым, што мы павінны гэта зрабіць у прысутнасці
членаў урадаў і прэм'ер-міністраў (ён гэта падкрэсліў), гэта сапраўды была
такая дамоўленасць. Мы такое рашэнне прынялі пасля абмеркавання блока
міжнародных праблем», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў,
што Беларусь і Расія – блізкія дзяржавы.
«Над
намі, напэўна, яшчэ і тое савецкае мінулае, калі мы жылі разам, калі мы проста
адзін аднаму маглі ў вочы гаварыць тое, што думаем. Плюс наша славянскае нутро.
Таму ў нас вельмі блізкія адносіны. І ў выніку гэтай блізкасці нашых адносін мы
выказваемся абсалютна адкрыта. Нават па асабістых нейкіх пытаннях, – сказаў
беларускі лідар. – Здавалася б, гэта асабістае, наогул, нават прэс-сакратары
гэта баяцца згадваць. Не, мы, абмяркоўваючы тыя ці іншыя пытанні, гаворым аб
гэтым адкрыта».
Лукашэнка: нічога
канспіратыўнага і тайнага ў перагаворах з Пуціным у Сочы не было
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што на сустрэчы з Уладзімірам
Пуціным была ўдзелена вялікая ўвага міжнароднай тэматыцы, у тым ліку адносінам
з ЗША і сітуацыі ў гэтай краіне, палітыцы Прэзідэнта Дональда Трампа. Расійскі
лідар расказаў аб сваіх нядаўніх перагаворах з федэральным канцлерам Германіі
Ангелай Меркель і прыватным візіце на вяселле аўстрыйскага міністра. Была
ўдзелена ўвага і супрацоўніцтву ў АДКБ у сувязі з сітуацыяй вакол цяперашняга
генеральнага сакратара АДКБ Юрыя Хачатурава.
Зразумела, убаку не засталася і праблематыка беларуска-расійскага
супрацоўніцтва. Гэта і цяжкасці з пастаўкамі беларускіх прадуктаў харчавання, пытанні
выплаты ўтылізацыйнага збору на сумесную прадукцыю машынабудавання,
несправядлівая сітуацыя на рынку аўтаперавозак, будаўніцтва БелАЭС і шэраг
іншых.
У інтэрв'ю кіраўнік дзяржавы таксама яшчэ раз акцэнтаваў увагу на
важнасці таго, каб усе дасягнутыя паміж бакамі дамоўленасці і пагадненні
выконваліся.
Аляксандр Лукашэнка таксама расказаў, што ставіў перад Уладзімірам
Пуціным пытанне, чаго хоча Расія ад Беларусі. «Няўжо ў вас не ўзнікае такога
пытання? Вось вы акунуліся ў беларуска-расійскую праблематыку, і ў вас узнікла
пытанне: слухайце, здаецца, мы і тое зрабілі, і так па-добраму ставімся, і
гэтак... і тым не менш правальваюцца нашы дамоўленасці, не выконваюцца. У
сродках масавай інфармацыі і не толькі з'яўляюцца прэтэнзіі да Беларусі, якіх
на справе не існуе», – канстатаваў беларускі лідар.
Лукашэнка: Беларусь
і Расія адна для адной з'яўляюцца анёлам-ахоўнікам
Адпаведная заява прагучала ў адказ на пытанне наконт абраза
Анёла-Ахоўніка, які беларускі лідар падарыў свайму расійскаму калегу Уладзіміру
Пуціну пасля завяршэння сустрэчы ў Сочы 22 жніўня. У сувязі з гэтым у
Аляксандра Лукашэнкі пацікавіліся, ці сапраўды Расіі і яе Прэзідэнту патрэбны
анёл-ахоўнік і ці можа ў яго ролі на заходнім напрамку выступаць Беларусь.
«Як Расія для
нас, так і Беларусь для Расіі з'яўляецца анёлам-ахоўнікам. Я ўжо гаварыў. Можа,
гэта некаму ў Беларусі не падабаецца, але з першых дзён свайго прэзідэнцтва я
раблю такія заявы», – - сказаў беларускі лідар.
Паводле слоў Прэзідэнта, у Беларусі з Расіяй у цэлым вельмі цесныя
сувязі, у тым ліку ў эканоміцы. «Гэта наш галоўны партнёр. Мы больш за ўсё
прадаём у Расійскай Федэрацыі. Гэта факт бясспрэчны. Куды ад іх дзецца. З
гэтага прагматычнага зямнога пункту гледжання мы з'яўляемся адзін для аднаго
анёламі-ахоўнікамі, калі паглыбляцца ўжо ў высокае, духоўнае», – адзначыў
кіраўнік дзяржавы.
Лукашэнка назваў ідыятызмам заявы аб жаданні Беларусі мышкаваць на
расійскіх цяжкасцях
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што, хоць ён і знаходзіцца ў
дружалюбных адносінах з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным, яны часам вельмі
жорстка ставяць пытанні адзін перад адным. «Я, можа, больш сабе дазваляю
адкрыта гаварыць аб гэтым. Гэта ўжо з прычыны майго характару. Тут няма нічога
такога падспуднага або нейкіх там гадкіх думак, пра якія часам пішуць, асабліва
ў Расійскай Федэрацыі, розныя ідыёты. Я іх інакш не назаву. Вось я прачытаў
адну з фраз і сабе пазначыў: «Калі Расійская Федэрацыя пад санкцыямі, то
Лукашэнка скарыстоўвае гэты момант, бярэ гэты добры момант, каб штосьці запатрабаваць
ад Расіі". Ідыятызм поўны! Ён проста не паддаецца крытыцы», – заявіў
Аляксандр Лукашэнка.
Паводле
яго слоў, калі Расія знаходзіцца пад санкцыямі, то гэта негатыўна ўплывае і на
Беларусь.
Лукашэнка адказаў на
домыслы наконт сваіх «страхаў»
«Я ў аглядзе прачытаў розныя тлумачэнні на тэму страхаў, жахаў для
Лукашэнкі ў будучым і гэтак далей. Па-першае, мне ўжо нічога не страшна. Я
чалавек, які прайшоў праз многія страхі. Але ёсць адзін страх, калі яго можна
страхам назваць, – гэта эканоміка. Я заўсёды аб гэтым кажу. Калі будзе ў нас
развівацца нармальна эканоміка, будуць больш-менш нармальна жыць нашы людзі, ну
хаця б як цяпер, ніякіх страхаў для беларусаў быць не можа. Не існуе такіх
страхаў. Ні знешняя агрэсія, ні што нас хтосьці заняволіць, захопіць, што нас
нехта пакорыць... Ніякіх больш страхаў няма, акрамя эканомікі», – заявіў
беларускі лідар.
Лукашэнка лічыць
Трампа неардынарным палітыкам, хоць і не ва ўсім яго падтрымлівае
Кіраўнік дзяржавы расказаў, што тэматыка ўзаемаадносін з ЗША і
працэсаў, якія адбываюцца ў гэтай краіне, узнімалася ў час яго сустрэчы з
Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным 22 жніўня ў Сочы.
Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што калі Дональд Трамп
адыдзе ад гэтай жорсткай рыторыкі, то «вельмі шмат выйграе для Злучаных Штатаў
Амерыкі». Ён пры гэтым дадаў, што ў ЗША адбываецца шмат чаго незразумелага для
абывацеля і нават для палітыкаў. «Мы вельмі шмат удзялілі ўвагі абмеркаванню
гэтых пытанняў у кантэксце расійска-амерыканскіх адносін і, зразумела, іх
уплыву на Беларусь. І я Прэзідэнту Пуціну ўдзячны за выказаны пункт гледжання
па сітуацыі ў свеце, і перш за ўсё сітуацыі ў Злучаных Штатах Амерыкі і
ўздзеянні гэтай сітуацыі на свет у цэлым», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
БелТА.
www.belta.by









