Гарачая пара нарыхтоўкі зялёных кармоў
Па стане на 12 чэрвеня бягучага года ў сярэднім назапашана 5,2 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. У тройцы лідараў сярод гаспадарак па колькасці нарыхтаванага з’яўляецца адкрытае акцыянернае таварыства «Асавец-агра». Дзякуючы зладжанай рабоце калектыву пад кіраўніцтвам спецыялістаў аграрнай галіны арганізацыі на зімова-стойлавы перыяд для грамадскага статка назапашана 11 135 тон сенажу ў чыстай вазе, што складае 54,3% ад запланаванага (для параўнання: у сярэднім па раёне выкананне плана складае 39%).
Удзельнікі корманарыхтоўчай кампаніі ў ААТ «Асавец-агра» працуюць арганізавана. На гэтым тыдні завяршылі закладку чацвёртай па ліку ў гаспадарцы сянажнай траншэі каля малочнатаварнай фермы ў вёсцы Ямінск.
Непасрэдна трамбоўкай зялёнай масы з самага пачатку нарыхтоўкі займаюцца вопытныя працаўнікі – Фёдар Семянчэня на энерганасычаным трактары Fendt-930 і Віталій Кіпець на пагрузчыку ТО-352. Дастаўляюць здробненую масу на трамбоўку вадзіцелі і механізатары таварыства.
Дакладны ўлік маршрутаў і колькасці прывезеных з палеткаў гаспадаркі цэнтнераў зялёнай падвяленай масы вядзе Мікалай Безбародзька. Мікалай Паўлавіч ужо больш за 10 гадоў як на заслужаным адпачынку, аднак у час гарачай сельскагаспадарчай пары ён нязменна займае пост падлікоўца. Сёлета, па словах працаўніка, у лютым споўнілася 48 гадоў з таго часу, як ён прыйшоў працаваць у гаспадарку, вядома, столькі ж у яго і стажу. Доўгі час рабіў па спецыяльнасці аграномам, быў начальнікам участка, дыспетчарам… І зараз яго веды і вопыт запатрабаваныя. Мікалай Паўлавіч з вышыні сваіх гадоў ацэньвае работу калектыву корманарыхтоўшчыкаў на выдатна.

– Стараюцца, працуюць самааддана ўсе, у іх ліку механізатар МТЗ-1221 Аляксандр Русаковіч, вадзіцелі МАЗаў Аляксандр Даўгучыц, Аляксандр Жук, Анатоль Насановіч, Сяргей Гук. З веданнем справы выконваюць сваю работу і паляводы пад кіраўніцтвам брыгадзіра, агранома-хіміка гаспадаркі Дзмітрыя Вярэніка, – распавёў Мікалай Безбародзька.









