Галоўнае – з душой і сумленна
Галоўнае – з душой і сумленна
«Кажуць, кожны каваль свайго шчасця і лёсу. Таму і я імкнуся
рабіць усё па поклічы сэрца і з душой», – так распавёў пра сябе пры сустрэчы
Сяргей Брагінец, адзін з лепшых
механізатараў адкрытага акцыянернага таварыства «Рачэнь».
Можна сказаць, увесь жыццёвы шлях Сяргея Міхайлавіча звязаны з гэтай гаспадаркай. Нарадзіўся ў Рачэні. У дзяцінстве з сябрукамі часцяком гуляў за вёскай і кожны раз, нібы зачараваны, назіраў за работай сталёвых коней, якія пакідаюць пасля сябе роўныя загоны апрацаванай пульхнай глебы. І ўжо тады ў думках уяўляў, як і ён сам зможа выконваць такую работу. Не дзіўна, што пасля заканчэння школы выбраў для сябе справу хлебароба.
Сяргей Брагінец
прайшоў курсавую падрыхтоўку, атрымаў пасведчанне трактарыста-машыніста і
адразу ж уладкаваўся ў родную гаспадарку. Гэта было ў 1991 годзе. І з таго часу
нязменна шчыруе на зямлі, апрацоўвае рачэнскія палеткі. Сяргей Міхайлавіч зараз
вопытны трактарыст, які па-майстэрску, умела ўпраўляецца з рознымі
сельгасагрэгатамі, якасна выконвае ўсе віды палявых работ, дасягае высокіх
вытворчых паказчыкаў. Не раз выходзіў пераможцам спаборніцтва як у ААТ, так і
ўвогуле па раёне. Сёлета на рахунку механізатара лепшы вынік па ўнясенні
цвёрдых мінеральных тукаў: на МТЗ-82 у счэпе з РМУ-1,6 заправіў імі 5 034 гектары глебы пад яравыя збожжавыя і зернебабовыя культуры.
Пра тое, у чым сакрэт майстэрства, спрактыкаваны трактарыст кажа: «Галоўнае ў хлебаробскай справе – вытворчую тэхналогію захоўваць, усё рабіць сумленна, працоўную дысцыпліну не парушаць».









