Галоўнае – каб было жаданне працаваць
З 2018 года ў нашым раёне функцыянуе камісія па
каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва, якую ўзначальвае
старшыня райсавета дэпутатаў Андрэй Драбудзька. У склад яе ўваходзяць кіраўнікі і спецыялісты структурных
падраздзяленняў райвыканкама, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, дэпутаты абласнога, раённага, сельскіх Саветаў дэпутатаў. Сваёй галоўнай
задачай члены камісіі лічаць усебаковае аказанне дапамогі тым, хто ў сілу
розных прычын не здольны на роўных канкурыраваць з іншымі прэтэндэнтамі на
рынку працы.
На пастаяннай аснове вядзецца работа з базай даных
пра асоб, якія не заняты ў эканоміцы. «Да кожнага чалавека – індывідуальны
падыход. А інакш і быць не можа, лічыць намеснік старшыні камісіі, начальнік
упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Наталля Рабая. – Мы
стараемся выслухаць, унікнуць у сітуацыю, падтрымаць, аказаць кансультацыйную,
метадычную, прававую дапамогу па пытаннях працаладкавання і самазанятасці.
Абставіны могуць быць розныя, і часам людзям проста патрэбен нейкі штуршок, каб
знайсці сябе і быць патрэбным грамадству. Але здараецца, на вялікі жаль, і так,
што чалавек ахінуты ўвагай, яму прапанаваны розныя варыянты занятасці,
аднак працаўладкоўвацца ён не спяшаецца,
ці ўвогуле адмаўляецца і працягвае весці асацыяльны лад жыцця. І гэта, канешне
ж, праблема».
Тым не менш, калі ёсць станоўчыя вынікі, то можна
сведчыць, што камісія дзейнічае не дарэмна. За мінулы год праведзена 25
пасяджэнняў, у тым ліку адно ў рамках агульнарэспубліканскай акцыі «Адзіны
дзень занятасці» ў фармаце кірмаша вакансій пад дэвізам «Знойдзем работу разам!»,
12 – выязных. Ахоплены ўсе сельскія саветы, у некаторых, дзе больш напружаная
сітуацыя з беспрацоўем, члены камісіі пабывалі не адзін раз. Канструктыўная
размова адбылася з больш як 350 жыхарамі нашага раёна (запрашэнняў жа было
накіравана звыш тысячы). Пасля чаго 128 чалавек напраўлена ў аддзел занятасці
для рэгістрацыі ў якасці беспрацоўнага, 130 – да наймальнікаў.
Як станоўчы, можна прывесці прыклад адной з жыхарак
Любаншчыны, якая завітала на пасяджэнне камісіі з цвёрдым намерам
працаўладкавацца, а дакладней пачаць уласную справу. І атрымала садзейнічанне.
Была накіравана на адпаведныя навучальныя курсы, а потым змагла скарыстацца
субсідыяй для арганізацыі прапрымальніцкай дзейнасці ў памеры 15 бюджэтаў
пражытковага мінімуму. Жанчына адкрыла цырульню ў сельскім населеным пункце і
зараз паспяхова аказвае паслугі насельніцтву.
Такая магчымасць маецца і ў іншых беспрацоўных.
Можна таксама прайсці перападрыхтоўку, паспрабаваць сябе ў другой прафесіі,
больш запатрабаванай у рэгіёне, і г.д. Камісія абавязкова дапаможа, галоўнае
толькі, каб у людзей прысутнічала жаданне працаваць.









