Фотарэпартаж: У мінулую суботу ў Новай Дуброве адгрымела свята «Гасцявы кірмаш»
Напрыканцы жніўня ў невялічкую вёску завіталі
суседзі з іншых пасёлкаў, з’ехаліся былыя жыхары з розных гарадоў Беларусі,
людзі з замежжа. Сярод прысутных быў і карэспандэнт «ГЛ», які дакладвае
абстаноўку.
Мінуўшы атрадненскія
прасторы, за некалькі кілометраў да запланавага месца мерапрыемства, уздоўж
дарогі ішлі вяскоўцы. Усе прыгожыя – збіраліся на свята. Насупраць
навадуброўскай крамы з’явілася вялікая аўтамабільная стаянка: машын на розны густ
і колер, большасць – госці з Салігорскага раёна, ёсць нумары з іншых рэгіёнаў.
Напэўна, прыехалі на пабыўку.
На арганізаванай
пляцоўцы стаяў пах толькі што смажанай бульбы і сала. У беларусаў без гэтага
нікуды. Людзі падыходзілі да стала, дзе кожны мог пачаставацца вясковай
стравай. У асноўным елі мужчыны, жанчыны ў гэты момант трацілі сямейны бюджэт у
лаўках. За некалькі рублёў там можна было набыць добры сувенір.
Не прыйшлося
сумаваць і дзецям: для іх працавалі батуты, горкі і палаткі, дзе можна было
паласавацца салодкай ватай.
«Свята стала
брэндам. Адзначаецца ўжо шосты год. У гэты дзень у Новую Дуброву з’язжаюцца
людзі з розных куткоў свету, нават тыя, хто даўно не быў. Адразу радуем
прысутных песнямі, потым – дыскатэка. Нас
ведаюць не толькі ў Любанскім раёне, за месяц-два тэлефануюць і пытаюць ці
будзе мерапрыемства», – адзначыла дырэктар Рачэнскага СДК Ганна Ціханоўская.
Для аднавяскоўцаў
гучалі песні Вячаслава Верамейчыка, Святланы Пракаповіч, Валянціны Войцік,
Ігара Філіпаўца, сямейнага гурта народнай песні сям’і Ціханоўскіх «Карані».
Напэўна, таму і прайшло яно ў амаль дамашняй атмасферы.









