Фотарэпартаж: У мінулую суботу на Любаншчыне святкавалі Масленіцу
Народнае гулянне, прымеркаванае да надыходу вясны, адбылося ў гарадскім
парку культуры і адпачынку. Скаромныя беларускія прысмакі – бліны са шкваркамі,
наварыстая юшка – вельмі былі запатрабаваны і дарослымі, і дзецьмі. Прываблівалі
да сябе гандлёвыя палатакі з папкорнам, гарачай кукурузай, салодкімі прысмакамі,
сувенірамі і інш.
У канцэртнай праграме, якую падрыхтавалі работнікі ўстаноў культуры для
любанчан, гучалі шматлікія віншаванні з надыходам вясны і перапляталіся яны з песнямі
і народнымі танцамі. Дарэчы, сёлета першага сакавіка прыпала якраз на
завяршальны дзень масленічнага тыдня.
Апафеозам гуляння стала ахвярапрынашальная дзея – спальванне чучала. Па народных
павер’ях, агонь ад вогнішча ачышчае ад няшчасцяў і бед, сімвалізуе провады
зімы, паляпшэнне ўрадлівасці глебы.
На першы дзень пасля Масленіцы (сёлета гэта 2 сакавіка) пачынаецца Вялікі
пост, які працягнецца да Вялікадня.









