Дэпутат палаты прадстаўнікоў Юлія Мурына расказала аб адрозненнях транспартнага падатку ад дарожнага збору
На працягу апошніх некалькіх гадоў актыўна вяліся
дыскусіі наконт так званага дарожнага збору, а дакладней дзяржпошліны за выдачу
дазволу на допуск транспартнага сродка да ўдзелу ў дарожным руху.
Аўтаўладальнікі скардзіліся на высокі памер яго. Агучваліся розныя прапановы аб замене:
уключыць у цану паліва, плаціць прапарцыянальна часу эксплуатацыі аўтамабіля на
працягу года і інш. І вось нарэшце парламентарыі разгледзелі новы варыянт –
транспартны падатак, які, хутчэй за ўсё, пачне дзейнічаць ужо з новага года. У чым яго адрозненне ад
дарожнага збору, даведаліся ў дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу
Рэспублікі Беларусь Юліі Мурынай.
– Юлія Георгіеўна, што будзе
ўяўляць транспартны падатак?
– Па сутнасці гэта новы віды маёмаснага падатка. І плаціцца ён па факту
наяўнасці аўтамабіля, незалежна ад таго, карыстаешся ім ці не. Калі транспартны
сродак пастаўлены на ўлік у ДАІ, то і падатак налічыцца.
– Ад чаго залежыць яго памер?
– Ад дазволенай максімальнай масы аўто. Напрыклад, калі яна да 1,5 тоны, то
стаўка складзе 61 рубель; звыш 1,5 т, але не больш 1, 75 – 81 руб. А па дзеючых зараз умовах адпаведна – 81руб., 162
руб. Так што атрымаецца танней.
– Скажыце, а нейкія льготы прадугледжаны пры
налічэнні новага віду падатка?
– Так. Для ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, інвалідаў І іІІ групы,
пенсіянераў будзе скідка 50 працэнтаў. Яшчэ прапануецца ўвесці яе ў памеры 25%
для інвалідаў ІІІ групы. Акрамя таго, грамадзяне, якія знаходзяцца ў цяжкім
жыццёвым становішчы, змогуць звярнуцца да мясцовых органаў улады з просьбай
зменшыць суму падатку альбо ўвогуле вызваліць ад яго.
– А што датычыць алгарытма аплаты?
– Такі ж, як, напрыклад, падатка на нерухомасць і іншыя віды – адзін раз у
год. Патрэбную суму трэба будзе заплаціць да 15 лістапада. Усім уладальнікам
транспартных сродкаў папярэдне дашлюць паведамленне з падатковай інспекцыі. Улічваючы,
што наступны год пераходны, то для ўсіх прадугледжаны аднолькавы памер – 1
базавая велічыня (з 1 студзеня – 29 рублёў), якую неабходна пералічыць у бюджэт
да 15 снежня. А ў 2022-ім давядзецца даплаціць. Дарэчы, тым, хто зніме
аўтамабіль з уліку да 1 ліпеня 2021-га плаціць падатак не трэба.
– Хто адкантралюе своечасовасць уплаты падатка?
– Падатковыя органы. У выпадку няўплаты яны будуць налічваць пеню.
– Юлія Георгіеўна, на што плануецца накіраваць
сродкі, атрыманыя ад транспартнага падатка?
– Плануецца сфарміраваць дарожны фонд. І каля паловы яго мяркуецца
перадаваць у мясцовыя бюджэты для бягучых і капітальных рамонтаў дарог,
каб прывесці іх у належны стан.









