Дэлегаты шостага Усебеларускага народнага сходу нашага раёна праводзяць сустрэчы ў арганізацыях і на прадпрыемствах
Яны інфармуюць работнікаў пра маштабнае мерапрыемства, якое 11-12 лютага
ладзілася ў Палацы Рэспублікі, і стала своеасаблівай кропкай адліку новай
пяцігодкі.
Так, Таццяна Казлоўская, урач-гігіеніст, загадчык аддзела гігіены
Любанскага РЦГЭ, распавяла сваім калегам пра праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2021-2025 гады. Зазначыла,
што асноўнымі прыярытэтамі вызначаны: шчаслівая сям’я, моцныя рэгіёны,
дзяржава-партнёр. І спынілася даволі падрабязна на кожнай з гэтых пазіцый,
падзялілася меркаваннямі ўдзельнікаў народнага веча.
Засяродзіла ўвагу Таццяна Генадзьеўна на развіцці сацыяльнай сферы і
непасрэдна аховы здароўя. Што найбольш блізка калектыву раённага цэнтра гігіены
і эпідэміялогіі. Прысутным было і цікава, і прыемна пачуць, як высока ацэнена
работа ўрачоў і ўсяго астатняга персаналу бальніц, амбулаторна-паліклінічных
устаноў у час пандэміі. Дэлегат агучыла словы Прэзідэнта пра тое, што ў
гісторыю нашай краіны 2020-ы ўвайшоў як год мужнасці беларускіх медыкаў – яны праявілі не толькі высокі прафесіяналізм,
а і лепшыя маральныя якасці, каб дапамагчы пацыентам пераадолець каронавірусную
інфекцыю.
–У наступнай пяцігодцы шмат плануецца зрабіць па падтрымцы здароўя
насельніцтва і павышэнні працягласці жыцця, – падкрэсліла Т.Г. Казлоўская. –
Гэта і развіццё фізкультуры і спорту, сферы паслуг, паляпшэнне якасці пітной
вады, забеспячэнне безбар’ернага камфортнага асяроддзя для ўсіх катэгорый
грамадзяння і павышэнне ўзроўня жыцця ў цэлым. Вядома, ажыццяўленне новых
праектаў і ідэй у сацыяльнай сферы немагчыма без эканамічнага развіцця. Таму
прыняты шэраг рашэнняў, якія будуць спрыяць стабільнай рабоце прадпрыемстваў прамысловасці,
аграпрамысловага компексу і г.д.
Іншымі словамі, ва ўсіх галінах намечаны станоўчыя пераўтварэнні, але
клопат пра чалавека застанецца ранейшым.









