Да справы падыходзяць прынцыпова
Калектыў названай арганізацыі назапасіў на зімова-стойлавы перыяд 26,14 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы.
Пераможцамі раённага спаборніцтва 2018 года за дасягненне найлепшых рэзультатаў у нарыхтоўцы кармоў прызнаны трактарысты-машыністы названай гаспадаркі Аляксандр Шчарбачэня і Антон Шыла. Нягледзячы на тое, што яны працаўнікі маладыя, у кожнага за плячыма немалы вопыт у галіне сельскай гаспадаркі. Бадай што ўсе віды механізатарскіх работ, за выключэннем агратэхнікі кукурузы і грэчкі, асвоіў за 8 гадоў працы ў ААТ Аляксандр Шчарбачэня. Антон Шыла, які за рулём трактара без малога дзесяцігоддзе, у сельскагаспадарчых кампаніях не раз значыўся ў ліку пераможцаў.
Прынцыповыя, старанныя хлопцы даўно на добрым рахунку ў кіраўніцтва і спецыялістаў таварыства. Сёння на раённым злёце перадавікоў народнай гаспадаркі за плённую працу на карысць Любаншчыны яны атрымаюць падзяку ад кіраўніцтва раёна. У абодвух, бясспрэчна, важкія рэзультаты працы. Так, напрыклад, Аляксандр на сваім трактары МТЗ-82 у счэпе з ПРФ-180 запрасаваў 1 870 тон сена і саломы. Антон на кормаўборачным камбайне КВК-800 нарыхтаваў аж 36 615 тон сянажнай і сіласнай масы.

Поспеху і ўдачы ўвішным асавецкім працаўнікам і надалей!









