Да Года малой радзімы журналісты раёнкі распачынаюць новы праект, прысвечаны малым населеным пунктам нашай Любаншчыны
Назва пасёлка пайшла ад слова “гала” – адкрытае месца, вырубка ў лесе. Адсюль становіцца зразумела, што заўжды гэтае месца акружаў лес.
З’яўвіўся населены пункт напачатку ХХ стагоддзя як хутар: у 1909 годзе тут налічвалася 4 двары, пражывала 22 чалавекі, у 1967 годзе ў Падгалле было 75 жыхароў, у двухтысячным – 20, з іх шасцёра – непаўналетнія.
Сёння тут жыве чатыры чалавекі. Пенсіянеркі Галіна Ігнацьеўна Еўдакімчык і Марыя Цімахвееўна Бойка, што калісьці працавалі на мясцовай ферме даяркамі, абедзьве прыехалі на Падгалле пасля вяселля: Марыя Цімафееўна – у 1956 годзе, Галіна Ігнацьеўна – у 1960-ым. Сямейная пара Андрэя Андрэевіча і Маргарыты Мікалаеўны Лапцікаў пасялілася ў пасёлак у 1993-ым, пасля пераезду з Эстоніі.
Зараз Андрэй Андрэевіч працуе дырэктарам Палічынскага сельскага Дома культуры. Па яго ініцыятыве ў 2017 годзе ў цэнтры Падгалля ўсталявалі вялікі камень з назвай населенага пункта. На ўрачыстасць у пасёлку сабралося не менш за паўсотні чалавек, ганаровае адкрыццё памятнага знака даверылі старшыні сельвыканкама Тамары Іванаўне Талыка.
Раней жыццё ў пасёлку віравала. Па ўспамінах, тут знаходзілася спартыўная пляцоўка, і шмат палічынскай і калінаўскай моладзі збіралася вечарамі менавіта ў Падгаллі. Аднак і зараз вёсачку не забываюць. У госці да жыхароў часта, асабліва ўлетку, прыяжджаюць дзеці, унукі, іншыя родзічы ды сябры. Пасёлак ажывае і зноў поўніцца вечаровымі гамонкамі, музыкай ды дзіцячым смехам…
На дымку: Падчас адкрыцця памятнага знака. У цэнтры – жыхары Падгалля Галіна Еўдакімчык і Андрэй Лапцік.









