“Чырвоныя” гуляюць і выйграюць
Папулярызацыі здаровага
ладу жыцця ў нашай краіне надаецца вялікая ўвага. Тым больш прыемна, калі
моладзь далучаецца да фізічнай культуры і спорту самастойна, па сваёй асабістай
ініцыятыве.
Так адбылося ў
Сароцкім сельсавеце, дзе каманда ініцыятыўных маладых людзей з вёсак Рэдкавічы
і Шыпілавічы напачатку гэтага года стварылі ўласны футбольны клуб пад назвай
“Чырвоная Змена”.
Распрацавалі эмблему
клуба, выбраўшы сваімі ахоўнікамі чырвонага і аранжавага драконаў (чырвоны – як
сімвал энергіі, удачы і азарту, аранжавы – сівал росквіту, разам – поўная
гармонія і сіла адзінства). Упраўленне па адукацыі, спорту і турызму райвыканкама
прадаставіла рабятам спартыўную форму. І “чырвоныя” спачатку пачалі гуляць
таварыскія матчы з іншымі камандамі Любанскага і Слуцкага раёнаў, а з мая
прымаюць удзел у вясковай аматарскай футбольнай лізе.
На сёння
“Чырвоная Змена” – гэта 27 спартсменаў-аматараў ва ўзросце ад 16 да 27 гадоў. Хаця
каманда маладая, аднак у яе ўжо ёсць свае фанаты: група клуба ў сацыяльнай
сетцы “ВК” налічвае больш за 220 чалавек.
Як расказаў
Уладзіслаў Дзікун, капітан і адзін з ініцыятараў стварэння “Чырвонай Змены”,
далейшая мэта клуба – трапіць у Другую лігу Беларусі па футболе. Вядома, для гэтага
маладым спартсменам неабходна падтрымка: пакуль ініцыятыўныя аматары здаровага
ладу жыцця звездваюць цяжкасці як са спартыўным інвентаром, спартыўнай формай,
так і з месцам, дзе яны маглі б трэніравацца.
А ўбачыць “чырвоных” на полі можна ўжо заўтра. 25 мая ў 18.00 на гарадскім стадыёне г. Любані “Чырвоная Змена” сустрэнецца з любанскім міні-футбольным клубам «Бизон». Прыходзьце на гульню!









