Чарговы працоўны поспех у хдебаробаў з адкрытага акцыянернага таварыства «Забалацкі»
Першую тысячу тон збожжа выдалі з бункера
замацаванай Мегі Сяргей Коўшар і Мікалай Рубін. З такой нагоды адбылося іх
ўшанаванне.
На жніўны палетак за в. Смольгава, дзе камбайнеры
абмалочвалі збажыну, завіталі першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік
упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Аляксандр Цярэшкін, старшыня
райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Віктар Статкевіч,
начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Таццяна
Аляксеева, прадстаўнікі кіраўніцтва аргахолдынгу «Беларускалій-Агра» і ААТ «Забалацкі».
Яны выказалі шчырую ўдзячнасць працаўнікам за плён, прафесійнае майстэрства,
добрасумленныя адносіны да справы, арганізаванасць і дысцыплінаванасць. Зычылі
моцнага здароўя, міра і дабрабыту, каб капілка іх дасягненняў папаўнялася
новымі перамогамі, і не толькі ў раённым працоўным спаборніцтве, а і абласным.
Камбайнерам-«тысячнікам» уручылі Падзякі і
падарункі. А яшчэ, як падкрэсліў, Міхаіл Вечар, дырэктар гаспадаркі, рупліўцам
будзе выплачана прэмія па 100 рублёў. Такую, дарэчы, атрымліваюць у ААТ за
першую намалочаную тысячу тон зерня ўсе экіпажы.
– Мы з ахвотай працуем на хлебнай ніве, –
прызналіся перадавікі. – Уборачная ў нас арганізавана на высокім узроўні: тэхніка
ўкамплектаваная, забяспечаны спецадзеннем, наладжана гарачае харчаванне.
Зарплата таксама задавальняе.
Вось і шчыруюць забалацкія рупліўцы, дзень за днём,
эфектыўна выкарыстоўваючы кожную пагодную гадзіну, каб як мага хутчэй
абмалаціць збажыну. Да слова, Сяргей Коўшар і Мікалай Рубін разам убіраюць яе
не ўпершыню – чацвёрты сезон на Меге, а да таго яшчэ на КЗС. У 2015-м на
рахунку хлебаробаў было 2 800 тон зерня. Летась – амаль 2 300. Сёлета намераны мець не
меншы вынік.









