Чарговая сустрэча кіраўніцва Любаншчыны з насельніцтвам адбылася ў першай гарадской школе
Прагучалі нараканні на няякасную ўкладку пліткі на тратуары па вул. Першамайскай (каля магазіна “Гранд” і ў іншых месцах), на несвоечасовую ўборку яго ад расліннасці. Таксама былі выказаны просьбы пра добраўпарадкаванне незаасфальтаванай часткі вуліцы Міра, рамонт пешаходнай дарожкі ад Любані да Сарачоў, тратуара ля дома па вул. Калініна,1 і г.д. Дырэктар ЖКГ Алег Гарчанін патлумачыў, што ўсе недахопы паступова будуць выпраўляцца.
–Калі нарэшце будзе вырашана пытанне з ачышчальнымі збудаваннямі, – пацікаваліся прысутныя.
–Зразумела, непрыемныя пахі, якія часам адчуваюцца ў горадзе, нікому не даспадобы, – заўважыў Д.М. Сухан. – Але сёння-заўтра, на жаль, ухіліць праблему немагчыма. Хаця, вядома, меры прадпрымаюцца. Зараз вядзецца распрацоўка праектнай дакументацыі на будаўніцтва новых ачышчальных збудаванняў за кошт сродкаў Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця. Яны будуць іншага тыпу – закрытага – і “водару” не будзе. Але функцыянаваць аб’ект пачне гадоў праз пяць.
Жыхары мікрараёна каля райбальніцы цікавіліся, ці плануецца там будаўніцтва ўстаноў адукацыі, улічваючы, што колькасць дзяцей з кожным павялічваецца. І атрымалі адказ ад начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме Таццяны Каравацкай: праз тры гады будзе ўзведзены дзіцячы сад, а пазней і школа.
У галоўнага ўрача Любанскай ЦРБ Андрэя Амшарука спыталі, ці магчыма абуладкаваць калясачную, устанавіць пандус пры ўваходзе ў дзіцячую кансультацыю. У сваю чаргу Андрэй Іванавіч сказаў, што ўсё гэта ёсць у планах, але не на бягучы год. Цяпер вядзецца рамонт першага паверха данага памяшкання. Пасля яго завяршэння будзе наладжаны больш ранні прыём аналізаў, што таксама непакоіць многіх любанчан.
–Па Першамайскай дарогу пашырылі, устанавілі светлафоры, але яны дагэтуль не працуюць. А між тым многія нашы вучні менавіта па данай вуліцы ходзяць у школу і дамоў, і мы, вядома, клапоцімся пра іх бяспеку, – зазначылі прысутныя педагогі СШ №1. Дзмітрый Мікалаевіч паведаміў, што светлафоры пачнуць функцыянаваць пасля ўвядзення аб’екта ў эксплуатацыю. А наконт веласіпедных дарожак, пра якія затым пацікавіліся, адказаў: “У перспектыве магчыма яе абуладкаванне па вул. Леніна. А ўвогуле у адпаведнасці з ПДР пры такой інтэнсіўнасці руху, як у нас, дазваляецца ездзіць на веласіпедзе па тратуары”.
Былі агучаны і іншыя пытанні, пажаданні, у прыватнасці, наконт устаноўкі банкамата каля бальніцы альбо аўтастанцыі, будаўніцтва дапаможных памяшканняў каля двухпавярховых дамоў №14 і 16 па вул. Гогаля і г.д. Кіраўніцтвам раёна ўсе звароты занатаваны.









