Чарговая акцыя «Наш жывёлавод» завяршылася ўшанаваннем рупліўцаў адкрытага акцыянернага таварыства «Рачэнь»

Общество
26 февраля 2021
97
Чарговая акцыя «Наш жывёлавод» завяршылася ўшанаваннем рупліўцаў адкрытага акцыянернага таварыства «Рачэнь»

За дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў, прафесіянальнае майстэрства, добрасумленныя адносіны да выканання сваіх абавязкаў і адданасць абранай справе ўзнагароджаны аператары па дарошчванні буйной рагатай жывёлы Віктар Курда,  па адкорме БРЖ Аляксандр Бараноўскі і Таццяна Старадубава, машыннага даення Наталля Шаўлінская, Святлана Клюшнічэнка, Іна Купрусь, Іван Кукраш, Ларыса Бараноўская, загадчыца малочнатаварнай фермы Галіна Кукраш. Яны атрымалі пісьмы-падзякі і падарункі ад райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. Старшыня яго Віктар Статкевіч шчыра падзякаваў рачэнцам за сумленную працу, пасільны ўклад у агульную скарбонку здабыткаў раёна. І пажадаў не спыняцца да дасягнутым, бо імкнуцца ёсць да чаго. Па выніках за мінулы год гаспадарка ўтрымлівае другое месца па вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі. «Каб дабіцца больш высокіх вытворчых паказчыкаў, трэба выкладвацца, так бы мовіць, па поўнай, абавязкова праяўляць высокую адказнасць, прытрымлівацца тэхналогіі,  захоўваць патрабаванні дысцыпліны і аховы працы», – падкрэсліў Віктар Мікалаевіч.

Дарэчы, у рамках сёлетняй акцыі «Наш жывёлавод» узнагародамі ад раённай і пярвічных прафсаюзных арганізацый работнікаў АПК былі адзначаны 107 працаўнікоў з сельгаспрадпрыемстваў Любаншчыны. Прычым не толькі перадавых, а і аўтсайдэраў. «Усе павінны адчуваць клопат пра сябе. Тады і матывацыя да выканання абавязкаў будзе павышацца, а значыць і паказчыкі па вытворчасці малака і мяса, іх якасці, узнаўленні статка і захаванні пагалоўя таксама», – лічыць В.М. Статкевіч.

Акрамя ўшанавання рупліўцаў ферм падчас наведвання з кожным калектывам вялася размова па тых пытаннях, што наспелі, турбуюць людзей, з тым, каб пасадзейнічаць  у вырашэнні. Па словах прафсаюзнага лідара аграпрамысловага комплексу раёна, жывёлаводам трэба забяспечваць годныя ўмовы працы, добрую заработную плату, ствараць належныя бытавыя ўмовы і абавязкова адзначаць іх плён.


pravoby presgov raispolkom mininf ispolkom portal 1radio