«Блакітнае паліва» ўжо ў Талі

Общество
31 октября 2019
162
«Блакітнае паліва» ўжо ў Талі

Важная падзея адбылася ў Талі. У населены пункт «прыйшоў» прыродны газ.

Шэраг вяскоўцаў, сталых і маладых, сабраліся ў мінулую суботу у цэнтры аграгарадка, дзе адбылося сапраўднае ўрачыстае мерапрыемства з гэтай нагоды. Звыш пяці гадоў таму быў створаны спажывецкі кааператыў па газіфікацыі населенага пункта, у які ўвайшло больш за 190 чалавек з вуліц Камсамольскай, Прыбароўскай, Няжараўскай, Школьнай, Пушкіна, Сонечнай, Піянерскай, Шасэйнай, Рудні, завулкаў Садовага, Настаўніцкага, Ударнага. Жыхары з нецярпеннем чакалі моманту, калі змогуць у быту карыстацца «блакітным палівам» і павысіць узровень камфорту, якасць жыцця на вёсцы.

Аднак не ўсё адразу. Па словах старшыні кааператыва Валянціны Лазоўскай, у 2015 г. пачалася распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі. А летась прыступілі да будаўніцтва. Заказчык яго – Любанскі раён газазабеспячэння, генпадрадчык – ААТ «Белгазбуд». Таксама быў задзейнічаны шэраг вытворчых упраўленняў («Стоўбцыгаз», «Слуцкгаз», «Барысаўгаз» і іншыя). У першую чаргу ажыццёўлена закальцоўка газаразмеркавальных станцый Салігорска і Старых Дарог. Усяго ж пракладзена 22,7 кіламетра газаправоду, у прыватнасці, высокага ціску – пры падтрымцы «Мінскаблгаза», што дазволіла значна патанніць кошт работ для спажыўцоў. Да слова, кожнаму з вяскоўцаў давялося ўнесці за правядзенне газу да дома не так шмат – каля 1 800 руб.

І вось нарэшце настаў жаданы дзень – адбыўся пуск газу. Першапачаткова ён «прыйшоў» болей як у 30 дамоў Талі і яшчэ ў 80 раёна індывідуальнай забудовы «Тальскі» г. Любані, якія таксама ўвайшлі ў праект, але аплата для іх была іншай. На чарзе – астатнія члены спажывецкага кааператыва. Таму работы будуць працягвацца.

У гонар увядзення ў эксплуатацыю аб’екта ўрачыста запалілі сімвалічны факел, і тым самым нібы далі дарогу прыроднаму газу ў аграгарадку, дырэктар вытворчага ўпраўлення «Салігорскгаз» Аляксандр Сілюк і начальнік Любанскага раёна газазабеспячэння Аляксандр Канавальчык. Пасля з прыемнай нагоды ладзіўся канцэрт. Падчас яго гучалі не толькі прыгожыя песні, а і шмат добрых слоў у адрас тых, хто ўдзельнічаў у будаўніцтве, садзейнічаў вырашэнню шматлікіх арганізацыйных пытанняў.

Раздзяліць з мясцовымі жыхарамі радасць падзеі завіталі былы старшыня Любанскага райвыканкама Валерый Грыбанаў, ураджэнец Талі Сяргей Забалоцец, благачынны протаіерэй Аляксандр Драгун і іншыя паважаныя госці.


pravoby presgov raispolkom mininf ispolkom portal 1radio