Асавецкія корманарыхтоўшчыкі працуюць прадукцыйна

Общество
14 сентября 2020
166
Асавецкія корманарыхтоўшчыкі працуюць прадукцыйна

Кукурузны клін у адкрытым акцыянерным таварыстве “Асавец-агра” сёлета складае 1 900 гектараў, з якіх 500 мяркуецца ўбраць на зерне, а астатнюю плошчу – на зялёны корм і сілас. Зараз яго і нарыхтоўваюць.

Праца на палетках з “каралевай палёў” у ААТ арганізавана на працягу ўсяго светлавога дня. Перад асавецкімі механізатарамі стаіць задача закласці 26 191 тону сіласу. Вось і шчыруюць старанна, прадукцыйна. На кормаўборачным камбайне КВК-800 працуе Антон Шыла, на КГ-6 – Дзмітрый Корбут і Аляксандр Шумчэня. Усе не навічкі ў гэтай справе. Умела кіруюць агрэгатамі, косяць  і здрабняюць кукурузу. Так што калегі, занятыя на адвозцы, ледзьве паспяваюць курсіраваць ад поля да месца закладкі. У гэтым мы ўпэўніліся ўвачавідкі. У дзень нашага прыезду ў гаспадарку, у прыватнасці, уборку “каралевы палёў” мясцовы мехатрад вёў на палетку каля вёскі Ямінск. Адзін за адным да камбайнаў пад’язджалі пяць МАЗаў і столькі ж трактараў МТЗ розных мадыфікацый. Пасля запаўнення прычэпаў накіроўваліся для выгрузкі і аператыўна вярталіся на поле. На сіласнай траншэі побач з малочнатаварнай фермай таксама кіпела работа. Віталій Кіпець на Амкадоры і Фёдар Семянчэня на Фэндце  рупліва трамбавалі “зялёнку”. Як расказаў галоўны аграном ААТ Андрэй Дарожка, ушчыльняюць масу кругласутачна. У начную змену гэтай справай займаецца Віталій Зайкус.

Асавецкія корманарыхтоўшчыкі разумеюць, што важны не толькі колькасны паказчык, а і якасны. Таму захоўваюць усе неабходныя тэхналагічныя патрабаванні і пры касьбе, здрабненні, і пры трамбоўцы. Абавязкова дабаўляюць  кансервант “лаксіл”, каб кукурузны сілас атрымаўся пажыўным і добра захоўваўся.

–Амаль палова ад запланаванага ўжо назапашана, – паведаміў Андрэй Фёдаравіч. – Убіраем “каралеву палёў” гатункаў “палескі” беларускай селекцыі, “парумбень” – малдаўскай, “півіха” – украінскай. На ўсіх палетках нядрэнная ўраджайнасць – выходзіць у сярэднім каля 300 цэнтнераў з гектара. Штодзень закладваем каля 700 тон  здробненай сакавітай зялёнай масы. Як і патрэбна, за некалькі дзён паспяваем запоўніць і закрыць траншэю.

Добры стымул таму, да слова, і фінансавае заахвочванне. За выкананне тэхналагічнага тэрміну закладкі сіласнай ямы кіраўніцтва гаспадаркі прадугледзела прэмію. А надбаўка да зарплаты, вядома, ні каму не лішняя. Акрамя таго, занятых на ўборцы “каралевы палёў” механізатараў забяспечваюць двухразовым гарачым харчаваннем. Прычым абходзяцца для працаўнікоў абеды і вячэры танна – яны аплачваюць толькі 15 працэнтаў кошту. Ды і ўвогуле, як зазначыў галоўны тэхнолаг асавецкіх палёў, у ААТ створаны спрыяльныя ўмовы для плённай працы механізатараў на ўборцы кукурузы.


pravoby presgov raispolkom mininf ispolkom portal 1radio