Актуалізавана адрасная база
Як паведаміла начальнік Любанскага аддзела статыстыкі Вольга Міцько, папрацавалі рэгістратары плённа. На працягу лістапада яны прайшлі ўсе вуліцы раённага цэнтра і гарадскога пасёлка Урэчча, зарэгістравалі пабудовы, якія прыдатныя да жылля, і саставілі спісы дамоў і памяшканняў у іх. Рэгістратары правяралі, ці сапраўды той або іншы будынак знаходзіцца па ўказаным адрасе, а таксама пры неабходнасці выпраўлялі наяўную інфармацыю пра яго.
Без сумнення, часовы персанал выканаў сваю задачу якасна і аператыўна, што дазволіла ў сваю чаргу актуалізаваць усю адрасную базу. А складзеныя спісы будуць выкарыстаны ў 2019 годзе падчас перапісу.
Дарэчы, рэгістратары не толькі ажыццяўлялі зверку карт і адрасоў, а і звярталі ўвагу на наяўнасць аншлагаў. Па словах Вольгі Аляксандраўны, належным чынам абазначаны ўсе офісныя памяшканні і жыллёвы фонд ЖКГ. А вось з прыватнымі дамамі пакуль пытанне вырашана не поўнасцю. На некаторых да гэтага часу няма таблічак з назвай вуліцы і нумарам дома. Што, вядома, недапушчальна. Як падкрэсліла В.А. Міцько, спісы такіх сядзіб састаўлены і перададзены ў аддзел ЖКГ, архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама. Яго спецыялісты ў чарговы раз звернуцца да гаспадароў з тым, каб яны паклапаціліся пра абазначэнне сваіх дамоў. Імёны і прозвішчы тых, хто і зараз не адрэагуе, будуць надрукаваны ў газеце.









