Агучаныя пытанні ўзяты на кантроль
З пытаннямі, якія датычаць працаўладкавання,
добраўпаракавання, аздараўлення дзяцей у перыяд летніх канікул, барацьбы з
бадзячымі сабакамі, асфальтавання вуліцы ў Талі, і іншых надзённых тэм, звярнуліся
любанчане да кіраўніка раёна Сяргея Казецкага на мінулым тыдні падчас выязнога
прыёма грамадзян і “прамой лініі”, праведзеных у райаграсэрвісе, і суботняй
трохгадзіннай “прамой тэлефоннай лініі” ў райвыканкаме. У сваю чаргу Сяргей
Іванавіч уважліва выслухаў усіх заяўнікаў і даў адпаведныя распараджэнні кіраўнікам раённых
служб.
Так, ад жыхароў дома №98 па вуліцы Леніна ў райцэнтры
паступіла скарга на недастатковы падагрэў вады. Праблема гэта існуе не першы
дзень, яны ўжо неаднаразова звярталіся ў
ЖКГ, аднак пакуль сітуацыя не выпраўлена. С.І. Казецкі даручыў кіраўніцтву
жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў самыя кароткія тэрміны арганізаваць
абследаванне сістэмы гарачага водазабеспячэння ў названай шматпавярхоўцы і
прыняць меры для ўхілення недахопаў.
Таксама ЖКГ адрасаваны зварот па навядзенні парадку вакол
возера па вул. Брагіна: своечасовым абкошванні тэрыторыі, устаноўцы кантэйнераў
па зборы смецця.
Пытанне па добраўпарадкаванні хвалявала і жыхарку
аграгарадка Сосны 1. Месяц таму яна ўжо агучвала яго – некаторыя з
аднавяскоўцаў прызвычаіліся складзіраваць кампосты за дварамі. Што, па-першае,
неэстэтычна, па-другое, ад гэтых куч па наваколлю разносяцца не зусім прыемныя
пахі. Тады Камунараўскім сельвыканкамам была праведзена гутарка з жыхарамі, ім
растлумачаны нормы заканаўства і адказнасць за парушэнне. Кіраўніцтва ААТ
“Палессе-агра” паклапацілася пра вывазку скопленай арганікі. Але хтосьці, па
словах заяўніцы, узяўся за ранейшую справу, ізноў у канцы вуліцы з’явілася
гноесховішча. Жанчына ж выступае за тое, каб усе клапаціліся пра чысціню і
парадак. Старшыня райвыканкама адзначыў станоўчыя памкненні яе і заўважыў, што
ўсім трэба мець такую ж грамадзянскую пазіцыю. Тады нашы населеныя пункты
будуць заўсёды прыгожымі і дагледжанымі. Пасадзейнічаць у вырашэнні ўзнікшай у
аграгарадку праблемы даручана спецыялістам ўпраўлення землеўпарадкавання.
Узнятыя пытанні ўзяты на кантроль, і ўсе заяўнікі
атрымаюць адказы ва ўстаноўлены заканадаўствам тэрмін.









