Адзначаны высокія паказчыкі рачэнскіх жывёлаводаў

Общество
24 февраля 2020
117
Адзначаны высокія паказчыкі рачэнскіх жывёлаводаў

На мінулым тыдні акцыя “Наш жывёлавод” прайшла ў адной з лепшых гаспадарак – ААТ “Рачэнь”, якая па вытворчасці малака займае першае месца ў раёне. За год ад кожнай каровы ў сярэднім надоена па 5 028 кілаграмаў малака. І хоць вынік не дацягвае да сярэдняга па вобласці (5 343 кг), але працаўнікі ўсіх сямі фермаў настроены на далейшы поспех. А дасягненне высокіх паказчыкаў залежыць ад тых, хто гарыць сваёй работай, любіць выбраную справу і адданы ёй (а такіх у гаспадарцы большасць), а таксама ад стараннай, зладжанай працы ўсіх, хто заняты ў гэтай галіне. Трэба адзначыць, што ў таварыстве створаны добрыя ўмовы як для работы, так і для адпачынку: ёсць душавыя кабіны, утульныя пакоі жывёлаводаў з патрэбнай мэбляй, асабліва на комплексе “Рачэнь”, дзе можна абмеркаваць надзённыя пытанні, папіць гарбаты. Вось і ў гэтае наведванне кожная ферма ад пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі атрымала элекрачайнік і набор посуду, хоць усе працаўнікі ў адзін голас сказалі, што на адпачынак і чаяпіцце ў іх практычна няма часу.

Лепшыя жывёлаводы, якія пастаянна працуюць над павышэннем свайго прафесійнага ўзроўню і добрасумленна выконваюць ускладзеныя на іх функцыянальныя абавязкі, атрымалі ўзнагароды ад Любанскай раённай прафсаюзнай арганізацыі. Сярод іх аператары машыннага даення Марыя Мельнічэнка, Ларыса Бараноўская, аператары па адкорме Уладзімір Малаш і Сяргей Кандрацьеў. Дарэчы, Сяргей Яўгенавіч прызнаны лепшым па прафесіі ў раёне па ўмовах спаборніцтва за мінулы год (прывагі бычкоў склалі 820 грамаў).

Цёплыя словы ўдзячнасці і падарункі ад дырэкцыі таварыства і пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі атрымалі многія жывёлаводы гаспадаркі. У іх ліку аператары машыннага даення кароў МТФ №2, якія за мінулы год атрымалі найбольш малака ў гаспадарцы: Людміла Сталярэўская (ад кожнай з 50-ці кароў надаіла па 6 145 кілаграмаў, +764 кг да мінулага года); Іван Кукраш (6 122 кг, + 1 826 кг). Пры размове яны падзяліліся, што такіх вынікаў дасягнулі дзякуючы старанным, добрасумленным адносінам да працы. Іван Яўгенавіч, дояр з 30-гадовым стажам, адзначыў, што практычна за год толькі некалькі дзён выпалі выхадныя, і прычына перш за ўсё ў тым, што догляд народжаных цялятак, а таксама раздой першацёлак ён не хоча давяраць нікому. Таксама былі ўшанаваны працаўнікі іншых фермаў: Кацярына Смірнова, Анжэла Бацян, Алена Лыскавец, Наталля Пажарыцкая, Віктар Голуб.

Пажадаем жывёлаводам “Рачэні” далейшых працоўных поспехаў, каб у наступным годзе яны дабіліся лепшых паказчыкаў не толькі ў раёне, але і ў вобласці.


pravoby presgov raispolkom mininf ispolkom portal 1radio