Абласны бацькоўскі сход - дарослыя ў адказе за ўчынкі дзяцей


Педагог-псіхолаг раённага СПЦ Аксана Мафееня акцэнтавала ўвагу прысутных на асаблівасцях, характэрных для падлеткавага ўзросту. Яе калега Таццяна Гарбуновіч – на прычынах дзіцячай агрэсіі. Прычым спецыялісты сышліся на думцы: мы жнём тое, што сеем. А таму бацькі павінны як мага больш часу ўдзяляць сваім дзецям, адносіцца да іх праблем з вялікай увагай, не адхіляцца, калі сыну ці дачцэ патрэбна парада.

Сваімі меркаваннямі па вызначанай тэме падзяліліся ўрач-педыятр Святлана Зіганшына і ўрач-псіяхіятр-нарколаг Яўгеній Схоўка. Апошні, у прыватнасці, зазначыў, што катэгарычныя забароны не заўсёды прыносяць станоўчы вынік. Падлеткам неабходна ўсё даходліва тлумачыць, прыводзіць прыклады з жыцця, каб яны нарэшце маглі зрабіць правільныя высновы.

Пра прафілактыку гібелі дзяцей ад знешніх прычын вёў гаворку намеснік начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Мікалай Дземідовіч. Ён зазначыў, што кожны год у краіне рэгіструюцца няшчасныя выпадкі, у выніку якіх непаўналетнія альбо атрымліваюць цяжкія траўмы, альбо ўвогуле гінуць. Каб падмацаваць словы фактамі, увазе прысутных быў прадэманстраваны відэафільм, які нікога не пакінуў раўнадушным. Героі яго з-за сваёй бесклапотнасці і няўважлівасці трапілі ў трагічныя сітуацыі. Мікалай Мікалаевіч заклікаў усіх бацькоў давесці інфармацыю да дзяцей, пастаянна нагадваць ім пра адказнасць за свае ўчынкі і паводзіны.
Гэта важна не толькі для забеспячэння ўласнай бяспекі, але і тых людзей, якія акружаюць. На жаль, штогод на Любаншчыне маюць месца правапарушэнні, здзейсненыя падлеткамі. 6 злачынстваў, па словах інспектара ІСН Сяргея Русаковіча, зарэгістравана за тры месяцы бягучага года. Ён нагадаў татам і мамам пра тое, якія меры прадугледжаны заканадаўствам за супрацьпраўныя дзеянні непаўналетніх. Расказаў і пра формы бацькоўскага кантролю ў сацыяльных сетках.
Падсумоўваючы ўсе выступленні, намеснік начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме Анжэла Лапановіч падкрэслівала, што ў першую чаргу менавіта таты і мамы павінны прыкладваць усе намаганні, каб вырасціць сваіх дзетак добрымі людзьмі, дастойнымі грамадзянамі. Некаторыя спасылаюцца на вялікую занятасць, стомленасць, але гэта не апраўданне. Неабходна быць цікавымі суразмоўцамі і лепшымі сябрамі для сваіх дачок і сыноў, а таксама надзейнымі партнёрамі для педагогаў у справе выхавання і навучання.
Тым жа бацькам, якія ўзорна выконваюць свае абавязкі і могуць служыць прыкладам для іншых, Анжэла Мікалаеўна ўручыла Падзякі. А навучэнцы ўстаноў адукацыі ў знак павагі і ўдзячнасці падрыхтавалі канцэртную праграму.









