А які ў Вас прышчэпачны статус?
У Беларусі, згодна з інфармацыяй Міністэрства аховы здароўя, летась зарэгістравана каля 250 выпадкаў захворвання чалавека на адзёр. Кожны чацвёрты пацярпелы – гэта дзіця. 74% захварэўшых былі не прышчэплены альбо прышчэплены не поўнасцю (мелі толькі адну прышчэпку з дзвюх неабходных). У асноўным гэта аказаліся завозныя выпадкі з еўрапейскіх краін, Расіі, Егіпта. У лік пацыентаў таксама траплялі людзі, якія кантактавалі з захварэўшымі. У суседніх з Беларуссю краінах назіраецца вельмі высокі рост захворваемасці на адзёр.
Неспрыяльная ў гэтым плане абстаноўка склалася ва Украіне, дзе больш за дзесяць гадоў грамадзян не прышчэпліваюць ад адзёру. А, як вядома, многія беларусы вылятаюць на адпачынак менавіта з украінскіх аэрапортаў. Знаходжанне ў гэтай краіне невакцыніраваных людзей тоіць пагрозу. Таму чалавеку, калі ён мае намер наведаць Украіну, перад гэтым трэба пацікавіцца пра свой прышчэпачны статус і, пры неабходнасці, прайсці вакцынацыю ад адзёру.









