21 верасня ў Забалаці прайшло раённае свята «Дажынкі 2019»
З падзякай да аграрыяў Любаншчыны звярнуўся старшыня райвыканкама Валерый Мельнік. Ён зазначыў, што жніўная кампанія заўсёды была і застаецца, бадай, самым важным этапам сельскагаспадарчай вытворчасці. Ад яе залежаць стабільнасць эканомікі, харчовая беспека. Да сёмага поту даводзіцца працаваць вяскоўцам, каб на нашых сталах заўсёды быў свежы духмяны хлеб. Павага і пашана рупліцам!
Сёлетні год выдаўся не самым лёгкім для аграрыяў. Але яны прыклалі максімум намаганняў, каб выканаць увесь планавы аб’ём работ і вытрымаць галоўны хлебаробскі экзамен. Дзякуючы зладжанай арганізацыі пасяўной і ўборачнай каравай раёна склаў 69 900 тон зерня пры сярэдняй ураджайнасці 24,9 цэнтнера на круг. У параўнанні з мінулым годам валавы намалот павялічаны да 131,4 працэнта. Масла-насення рапсу атрымана 3 975 т (168,5%). Найбольшы прырост валавога збору збожжа забяспечаны ў ААТ «Забалацкі» – 161,2% да леташняга ўзроўню. Самыя высокія паказчыкі па ўраджайнасці і выхадзе зерня ў разліку на адзін бала-гектар – у ААТ «Рачэнь» – 33,8 ц/га.

За дадзенымі важкімі лічбамі, вядома, штодзённая старанная стваральная дзейнасць калектываў сельгаспрадпрыемстваў. Таксама нельга не адзначыць усіх тых, хто ў гарачую пару не застаўся ўбаку і аказаў дапамогу аграрыям. Гэта работнікі райаграсэрвіса, прадпрыемства меліярацыйных сістэм, навучэнцы і студэнты, якія шчыравалі ў складзе студатрадаў, і многія іншыя. Валерый Віктаравіч падзякаваў усім за плён і выказаў упэўненасць, што і надалей яны будуць дбайна працаваць дзеля ўмацавання і развіцця аграпрамысловага комплексу раёна. А пасля ўшанаваў герояў сёлетняга жніва.
Ганаровыя граматы Мінаблвыканкама за высокі прафесіяналізм, важкія вытворчыя паказчыкі атрымалі трактарысты-машыністы: Віталій Кіпець з ААТ «Асавец-агра», Сяргей Коўшар, Сяргей Літошка з ААТ «Забалацкі»; Падзякі старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта аб’яўлены: Валянціну Падуце з ААТ «БВА», Сяргею Стасюку з ААТ «Урэцкі». Шэраг рупліўцаў хлебнай нівы за дасягнутыя высокія вынікі на ўборцы ўраджаю ўзнагароджаны Дыпломамі Любанскага райвыканкама і грашовымі прэміямі, у тым ліку і калектыў ААТ «Рачэнь» (дырэктар Аляксандр Арцюх).

Самыя цёплыя віншаванні адрасавалі нашым хлебаробам і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Юлія Мурына, прадстаўнікі кіраўніцтва ААТ «Беларуськалій», Слуцкага камбіната хлебапрадуктаў, ТАА «Александроў», райкама прафсаюза работнікаў АПК, раённага аб’яднання прафсаюзаў. А музычныя падарункі для прысутных падрыхтавалі лепшыя артысты Любаншчыны.




Напрыканцы свята здзейснены свайго роду рытуал перадачы эстафеты правядзення раённага мерапрыемства «Дажынкі» ў наступным годзе. Дырэктар ААТ «Забалацкі» Міхаіл Вечар уручыў сімвалічны сноп і мяшочак з зернем новага ўраджаю кіраўніку ААТ «Асавец-агра» Уладзіміру Клімовічу.














