Сустрэча з маладымі спецыялістамі аграрнай галіны прайшла ў нашым раёне па ініцыятыве райкама галіновага прафсаюза
Сёлета на Любаншчыну ў арганізацыі АПК прыбылі 23 выпускнікі вышэйшых і сярэдне-спецыяльных устаноў. Яны папоўнілі калектывы сельскіх гаспадарак, свінакомплексу “Забалаць”, філіяла ААТ “Слуцкі сыраробны камбінат”. Праўда, некаторых маладых людзей неўзабаве прызвалі ва Узброеныя Сілы. Астатнія ж спасцігаюць на практыцы навыкі па абраных спецыяльнасцях.




– Каб даць ім магчымасць пазнаёміцца, а ўраджэнцам іншых рэгіёнаў яшчэ і даведацца чым жыве раён, куды прыехалі на першае працоўнае месца, было вырашана арганізаваць сустрэчу, – распавяла старшыня Любанскай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Таццяна Рубін.





Да слова, пачалася яна са змястоўнай экскурсіі. Аграрыі разам з Таццянай Аляксандраўнай наведалі шэраг аб’ектаў. Так, у фізкультурна-аздараўленчым цэнтры ўведалі, якія паслугі аказваюцца насельніцтву для фарміравання здаровага ладу жыцця, у дзіцячай школе мастацтваў – як падрастаючае пакаленне любанчан далучаецца да прыгожага. З цікавасцю паназіралі за вытворчым працэсам на рыбакамбінаце і хлебзаводзе. А таксама акунуліся ў мінулае: з навуковым супрацоўнікам музея народнай славы Антанінай Сіманавай здзейснілі экскурс у гісторыю на востраве Зыславе, які захоўвае памяць пра неўміручы подзвіг нашых землякоў у гады ліхалецця. Кожная кропка маршруту ў выніку пакінула ва ўдзельнікаў станоўчыя ўражанні.





І з добрым настроем, на пазітыве яны пасля прынялі ўдзел у трэнінгу, праведзеным галоўным спецыялістам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Алёнай Сіваковай. А затым сабраліся за “круглым сталом” з прадстаўнікамі мясцовай улады і абмеркавалі надзённыя пытанні наконт умоў працы, заработнай платы, забяспечанасці жыллём, выканання абавязацельстваў наймальнікаў па кантракце перад маладымі спецыялістамі і г.д. Юнакі і дзяўчаты падзяліліся, як сустрэлі іх у калектывах, якія планы маюць на перспектыву.



У сваю чаргу кіраўнік раёна Віталій Платун акцэнтаваў увагу на тым, што ўсе самыя вопытныя і спрактыкаваныя спецыялісты калісьці былі маладымі, а адчуць упэўненасць у сваіх сілах ім дапамагалі настаўнікі – старэйшыя калегі. І важна, каб зараз яны падтрымалі тых, хто толькі пачынае прафесійны шлях. А маладым аграрыям неабходна праяўляць адказнасць, мэтанакіраванасць, ініцыятыўнасць і актыўнасць, працаваць з жаданнем і ні ў якім разе не апускаць рукі, тады здолеюць дасягнуць многага. “Галоўнае – развівайцеся, вучыцеся, пераймайце вопыт. А калі будуць узнікаць нейкія праблемныя моманты, мы заўсёды гатовыя дапамагчы”, – зазначыў старшыня райвыканкама.







Кацярына Галіцкая:
– Я нарадзілася на Клеччыне. Але так сталася, што пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта трапіла ў Любанскі раён. І ніколькі пра тое не шкадую. Тут я працую ветурачом на свінакомплексе “Забалаць”. Справу выбірала, так бы мовіць, па поклічы сэрца, таму яна мне даспадобы. І ўмовы работы добрыя, зарплата годная. Вось і стараюся выконваць свае абавязкі добрасумленна.









