Навучэнка Любанскага дзяржаўнага каледжа атрымала стыпендыю ад раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу

Штогод хтосьці з навучэнцаў Любанскага дзяржаўнага каледжа атрымлівае заахвочванне ад раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. Зараз яго ўдастоена Ірына Жыбурт.

Дзяўчына родам з суседняга Салігорска. Але наш каледж выбрала мэтанакіравана. Займаецца на другім курсе па спецыяльнасці “Абслугоўванне і выраб прадукцыі ў грамадскім харчаванні. Гандлёвае абслугоўванне”. Яна Ірыне па душы, таму і асвойвае навыкі будучай прафесіі з ахвотай. А акрамя вучобы актыўна ўдзельнічае ў розных мерапрыемствах, спаборніцтвах, дзейнасці вучнёўскай пярвічкі і грамадскай маладзёжнай арганізацыі, валанцёрскім і студатрадаўскім руху, наведвае аб’яднанне па інтарэсах па валейболе. “Адказная і дысцыплінаваная, яна добрасумленна выконвае ўсе даручэнні і праяўляе ўласную ініцыятыву”, – такую характарыстыку даюць Ірыне Жыбурт і выкладчыкі і аднакурснікі.

Нездарма і вылучылі дзяўчыну на прысуджэнне прафсаюзнай стыпендыі на другі семестр бягучага навучальнага года. А адпаведнае пасведчанне і кветкі ёй з найлепшымі пажаданнямі ўручыла старшыня райкама Таццяна Рубін.

–Такое матэрыяльнае заахвочванне – гэта не толькі свайго роду ўзнагарода за добрую вучобу, актыўную грамадзянскую пазіцыю, а і пэўная матывацыя, каб і далей праяўляць лепшыя якасці і дасягаць поспехаў ужо на першым працоўным месцы, – зазначыла Таццяна Аляксандраўна.


pravoby presgov raispolkom mininf ispolkom portal 1radio