На Любаншчыне ў адзінаццаты раз прайшоў конкурс "Мураўіная сцяжынка"

Образование
21 мая 2024
715

Адным з, так бы мовіць, брэндавых мерапрыемстваў, што праводзіць упраўленне па адукацыі, спорце і турызме ў нашым раёне з мэтай раскрыцця і развіцця творчых здольнасцяў вучняў, з’яўляецца конкурс “Мураўіная сцяжынка”, прысвечаны слыннаму земляку, выдатнаму дзіцячаму пісьменніку Івану Муравейку.






Днямі сталі вядомыя пераможцы чарговага, адзінаццатага. Фінальны этап яго сабраў ужо па традыцыі пад дахам Сароцкай адзінаццацігодкі звыш 30 рабят ад першага да адзінаццатага класаў. Гэта аўтары тых паэтычных і празаічных работ, якія пасля адбору журы вызначаны лепшымі. І юным аматарам літаратурнай творчасці неабходна было па ўмовах конкурсу прадэкламаваць свае вершы, казкі, апавяданні, як кажуць, з пачуццём, з толкам, з расстаноўкай.






Удзельнікі справіліся як нельга лепш. Яны выразна і эмацыянальна расказвалі творы ўласнага сачынення. У іх звярнуліся да самых розных тэм: распавядалі пра свет сваіх захапленняў, пра адносіны да самых блізкіх людзей, пра жахі ліхалецця, герояў-землякоў, непаўторнасць роднага краю і г.д. Кожны верш, кожнае апавяданне гучалі з вуснаў рабят шчыра і пранікнёна. Некаторыя ўвогуле краналі за душу, прымушалі суперажываць героям.










А гэта вельмі важна, што хлопчыкі і дзяўчынкі з самага маленства так тонка адчуваюць разнастайныя праявы жыцця, могуць грунтоўна іх асэнсоўваць, лагічна разважаць і па-майстэрску валодаюць родным словам, падкрэслілі вопытныя настаўнікі-філолагі, якія ўваходзілі ў састаў журы. У сваю чаргу старшыня яго Алёна Болатава, начальнік аддзела сацыяльнай, выхаваўчай работы, спорта і турызма, падзякавала ўсім навучэнцам за любоў да літаратуры, жаданне ствараць і пажадала поспехаў у творчасці, надалей, як некалі наказваў Іван Муравейка, умела збіраць прыгожыя рыфмачкі і складваць іх у цудоўныя вершы, казкі, апавяданні.











– Магчыма, хтосьці з вас, дарагія рабяты, знойдзе ў гэтым сваё сапраўднае прызванне. І з цягам часу заявіць пра сябе, як таленавітага паэта альбо пісьменніка, – зазначыла Алёна Аляксееўна. А пасля ўручыла дыпломы ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме Любанскага райвыканкама пераможцам конкурсу ў розных узроставых катэгорыях і намінацыях – узнагароды атрымалі 16 юных літаратараў.


pravoby presgov raispolkom mininf ispolkom portal 1radio