З 1 па 5 кастрычніка
праходзіў VIII педагагічны марафон кіруючых работнікаў і спецыялістаў адукацыі Мінскай вобласці
«Педагагічныя ініцыятывы – індыкатар устойлівага развіцця адукацыі».
У
нашым раёне ў гэтыя дні адбыліся шматлікія мерапрыемствы ў розных установах
адукацыі з мэтай павышэння майстэрства педагогаў, стварэння ўмоў для іх
прафесійнай самарэалізацыі і інш.
У
рамках марафону на базе ДУА «Яслі-сад №4 г. Любані»(загадчык Ірына Георгіеўна
Хадасок) прайшоў Дзень педагагічнага работніка ўстановы дашкольнай адукацыі.
Мерапрыемства ладзілася ў форме вуснага часопіса «Удасканаленне якасці
адукацыйнага працэсу на беларускай мове з дзецьмі дашкольнага ўзросту», які
складаўся з сямі старонак, і кожная была па-свойму цікавай і пазнавальнай.
Напрыклад, на «Фальклорнай» – госці мелі магчымасць паўдзельнічаць у віктарыне
і гульнях. Адгадаць беларускую мелодыю і атрымаць у падарунак сюрпрыз – цукерку
з пажаданнем, прадоўжыць прыказку ці прымаўку, назваць казку. На «Рухальнай» – усім
падняў настрой удзел у народнай гульні «Лянок». Але ж, напэўна, галоўнай стала
старонка «Метадычная». Педагагічныя работнікі дзяліліся вопытам працы,
асабістымі дасягненнямі, разважалі пра тое, што можна змяніць у сваёй рабоце,
каб родная мова ўвайшла ў сэрцы і душы выхаванцаў. Так, Святлана Васільеўна
Кепець, выхавальнік Асавецкага дзіцячага сада – сярэдняй школы, асаблівую ўвагу
ўдзяліла развіццю беларускага маўлення, падкрэсліўшы, што родную мову пад
прымусам вывучыць нельга, а патрэбна выклікаць у дзяцей цікавасць да яе і
жаданне авалодаць ёй. Галіна Аляксандраўна Іокша, выхавальнік ДУА «Яслі-сад №3 г.
Любані», расказала пра практычнае прымяненне метаду нагляднага мадэліравання –
прысутныя мелі магчымасць паглядзець фрагменты відэазаняткаў. Пра выкарыстанне
граматычнага ладу маўлення ў рабоце з дашкольнікамі распавяла Ніна
Уладзіміраўна Казановіч, выхавальнік Атраднаўскага дзіцячага сада.
Асаблівую
цікаўнасць у гасцей выклікала прэзентацыя дыдактычных гульняў раённага праекта
«Гуляем – па-беларуску размаўляем». Напрыклад, педагагічныя работнікі ДУА
«Яслі-сад №6 г. Любані» прыклалі шмат намаганняў і стварылі такую гульню, ад
якой у захапленні былі не толькі дзеці, але і дарослыя. Як расказала Алена
Аляксандраўна Жаўрыд, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці, у ёй
задзейнічаны адразу многа выхаванцаў. У швейнае атэлье «Буслік» прыходзяць
«пакупнікі», ім прапануюць беларускае адзенне на любы густ, закройшчык здымае
меркі, швачка шые, дзеці разлічваюцца ў касе надрукаванымі адмыслова для гэтых
мэтаў грашамі – і ўвесь час размаўляюць па-беларуску. Дарэчы, падчас старонкі
«Уступнай» Алена Аляксандраўна ў сваім выступленні аналізавала ўмовы,
неабходныя для паспяховай арганізацыі адукацыйнага працэсу на беларускай мове з
дзецьмі дашкольнага ўзросту, прывяла шмат цікавых прыкладаў.
Падчас
рэфлексіі госці адзначылі цёплую атмасферу сустрэчы, расказалі, чаму
навучыліся, і амаль аднагалосна падкрэслілі, што зноў упэўніліся, якой
мілагучнай, прыгожай, дасціпнай з’яўляецца родная мова і як важна ўсімі
магчымымі сродкамі данесці гэта да маленькіх выхаванцаў.
Алена
Віктараўна Кандраценя, галоўны спецыяліст упраўлення па адукацыі, спорце і
турызме, падвяла вынікі Дня педагагічнага работніка ўстановы дашкольнай
адукацыі і падзякавала ўсім за плённую працу.