З радасцю ў душы
Яно прыйшло да нас з часоў сівой даўніны. Продкі ўшаноўвалі сонейка. У падзяку яму за цеплыню спачатку пяклі круглыя праснакі, а потым — бліны. А з цягам часу праваслаўная царква надала новы статус провадам зімы, і Масленіца стала тыднем, які папярэднічае пасту. Пры гэтым у апошні дзень, так званую “Даравальную нядзелю”,вернікі абавязкова просяць адзін у другога прабачэння і абяцаюць забыць пра ўсякія крыўды, кепскія ўчынкі. Што лічыцца вельмі важнай і абавязковай падрыхтоўкай да Вялікага паста, ачышчэннем душы.
Да гэтага заклікаў прыхаджан і настаяцель храма іерэй Андрэй Еўшаль. Пасля таго, як адслужыў Боскую літургію, ён распавёў пра значнасць і важнасць 40-дзённага паста, які з’яўляецца перыядам духоўнага і цялеснага аднаўлення чалавека. І, трэба разумець, падкрэсліў айцец Андрэй, што пост не павінен быць дзеля паста. Неабходна ў гэты святы час не толькі перагледзець сваё меню, але і пераасэнсаваць меркаванні, погляды. Праз шчырую малітву, добрыя справы ісці да Уваскрэсення Хрыстова і сустрэць самае вялікае праваслаўнае свята з радасцю ў душы.

Пасля духоўнай размовы і цалавання крыжа настаяцель храма запрасіў усіх прысутных на свята Масленіцы. Любанчане частаваліся блінамі, пірагамі, юшкай, іншымі прысмакамі; мясцовыя артысты спявалі абрадавыя песні, танцавалі. І нават дажджлівае надвор’е не сапсавала настрою людзей. Усе весела праводзілі зіму і віталі вясну.










