Вучылі жаць, пячы хлеб ды танцаваць

На працягу тыдня гасцей штогадовага фестывалю традыцыйнай культуры «Пятровіца» чакала шмат самых разнастайных цікавых народных абрадаў, майстар-класаў, танцавальных і спеўных заняткаў і г.д. Арганізатары мерапрыемства прапанавалі ўсім жадаючым забавы на любы густ: напрыклад, мужчыны маглі паспрабаваць сябе ў ролі дбайнага гаспадара і хутчэй за сваіх сапернікаў управіцца з касой, а неабыякавыя да нацыянальнай культуры жанчыны ў сваю чаргу адчулі, наколькі можа быць цяжкай і манатоннай праца падчас жніва сярпом. Але, нягледзячы на гэта, дзяўчаты пад пільнай увагай удзельніц гурта «Павалякі» з задавальненнем правільна складвалі«бабку» са снапкоў, скручвалі перавясла і плялі вянкі з каласоў. І ўсё гэта – пад зажынкавыя спевы.

А ў знакамітым Доме хлеба, што ў вёсцы Жораўка, удзельнікам фестывалю «Пятровіца» Ірына Жудрык паказала, як выпякаць смачны хатні хлеб у печцы па старадаўніх мясцовых рэцэптах. Дарэчы, было многа жадаючых паспрабаваць зрабіць гэта самастойна. Ды і як не скарыстацца такой магчымасцю? Зразумела, не абышлося і без дэгустацыі свежавыпечанага хлеба.
Таксама быў кірмаш у Засмужжы, Пятроўскія карагоды па вёсцы, танцавальныя заняткі з этнахарэографам Сяргеем Выскваркам, васкаванне кветак да вясельнага вянка і шмат іншых цікаўнасцей. Усяго не раскажаш. Таму трэба прыязджаць ды бачыць гэта на ўласныя вочы. Запрашаем на «Пятровіцу» ў наступным годзе!









